Інтэлектуальныя гульні: вынікі сёмага тура

07:37 / 11.07.2011
Чэрвеньскі этап раённага чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях пачаўся з прыемнага: вядучая Ларыса Каханоўская, яна ж – рэгіянальны прадстаўнік беларускай лігі інтэлектуальных каманд – уручыла камандам астравецкіх інтэлектуалаў, якія прынялі ўдзел ва ўсіх трох турах абласнога асінхроннага чэмпіянату па гульні “Што? Дзе? Калі?”, ганаровыя дыпломы. І паведаміла пра поспехі ў гэтым чэмпіянаце і турніры па інтэлектуальных гульнях у Ваўкавыску астравецкага “ЦэРэБрала” – наша газета ўжо расказвала, што медыкі былі лепшымі ў “Медыя-азбуцы”, другімі – у “Сваёй гульні” і занялі агульнае трэцяе месца на гэтым турніры.

Чэрвеньскі этап раённага чэмпіянату быў даволі традыцыйным і прайшоў без асаблівых узрушэнняў. Калі не лічыць, што па выніках яго месцы ў выніковай турнірнай табліцы крыху змяніліся, і лідарам становіцца цеснавата на п’едэстале…
На жаль, чарговы этап зноў прапусціла зборная юрыстаў “Антрацытавае сонца” – ранейшыя неблагія вынікі пакуль дазваляюць ім у выніковай табліцы трымацца ў залатой сярэдзіне, але дасягнутая раней перавага растае на вачах.
Пачалася гульня з традыцыйнага “сваяка” – “Сваёй гульні”. “Размінка” гулялася “без мінусаў” і была не вельмі складанай – пра гэта сведчаць і вынікі: лідараў падзялілі нейкіх 50 і 30 ачкоў: цана аднаго пытання. У “Сваёй гульні” першае месца заняў “Ядзерны востраў” з дырэкцыі будаўніцтва АЭС, райвыканкамаўскі “Magnum ignotum” стаў другім, а рэдакцыйны “Востраў шанцавання” – трэцім.
У залік чэмпіянату, як вядома, ідзе толькі гульня “Што? Дзе? Калі?” На гэты раз яна таксама была даволі роўнай і спакойнай – што, зрэшты, бачна і па выніках. І хоць сустракаліся і “свечаныя” (гуляныя раней) пытанні (на якія, дарэчы сказаць, далёка не ўсе каманды адказалі правільна), але ранейшых “інтэрнэт-версій” не назіралася.
Самымі складанымі для знатакоў аказаліся пытанні пра ачкі “Лакаматыва” і будзільнік – іх не ўзяў ніхто. Толькі “Ядзерны востраў” правільна адказаў на нескладанае ўвогуле пытанне пра кіндэр-сюрпрыз, і “Magnum ignotum” – пра двойчы знесены дах дома  амерыканскай пісьменніцы Мітчэл – пераважная большасць назвала гераіню яе рамана Скарлет О’Хара. Высокім аказаўся рэйтынг у пытанняў пра васковую копію Людовіка VI у выкананні мадам Цюссо і патэльню, якую некалі выкарыстоўвалі ў якасці праса – іх “узялі” толькі “Magnum ignotum” і “Востраў шанцавання”. Затое пра конніка без галавы, Анегіна і Ленскага і чачотку зубных шчотак з балета “Майдадыр” правільна адказалі ўсе.
Вынікі гульні былі даволі роўныя: розніца паміж першым і апошнім месцам – дзевяць правільных адказаў (нагадаю: у мінулым туры яна складала дзевятнаццаць).
І тым не менш гэтая не вельмі складаная і дастаткова роўная гульня істотна змяніла расстаноўку сіл у турнірнай табліцы. “ЦэРэБрал”, які на працягу апошніх пяці гульняў не апускаўся ніжэй другога месца, на гэты раз стаў чацвёртым – і вымушаны быў “пасунуцца” на лідзіруючай прыступцы п’едэсталу, каб падзяліць выніковае першае месца з “Востравам шанцавання”, які ў сёмым туры стаў першым. “Ядзерны востраў” заняў другое месца – і паціху, але ўпэўнена падымаецца ў турнірнай табліцы: пасля сямі тураў “атамшчыкі” чацвёртыя. “Magnum ignotum” зараз знаходзіцца на другім месцы, а падатковая “Ніка”, нягледзячы на не зусім удалае выступленне ў апошняй гульні, дзякуючы набранаму раней запасу трываласці застаецца трэцяй. З кожнай гульнёй усё больш упэўнена гуляе ветэранская “Надзея”, прыбавілі “А’крэм” з Гудагайскай школы і “Аднакашнікі” з СШ№1, а вось гімназічная “Аstra” апошнія дзве гульні чамусьці “вяне” на вачах.
Але перавага рэгулярнага чэмпіянату перад “аднаразовым” турнірам у тым, што часовыя няўдачы заўсёды ёсць магчымасць выправіць у наступных турах. Тым больш, што інтэлектуальныя гульні, як паказвае ў тым ліку і наш невялікі вопыт, — рэч непрадказальная. Пройдзена пакуль што толькі палова шляху, і шансы змяніць сітуацыю ў турнірнай табліцы, а галоўнае – атрымаць перамогу над самім сабой – ёсць у кожнай каманды і ў кожнага іграка.
Таму – да сустрэчы ў чарговым, ліпеньскім туры чэмпіянату па інтэлектуальных гульнях. Пра час правядзення яго будзе паведамлена дадаткова.


Ніна АЛЯКСЕЕВА.