Турнір «Што? Дзе? Калі?» – перамаглі ашмянцы

10:14 / 06.01.2011

У апошнія дні адыходзячага года прайшоў традыцыйны, чацвёрты па ліку, раённы турнір па інтэлектуальных гульнях, у якім адзінаццаць каманд знатакоў змагаліся за прызы рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” і пераходны кубак раённага выканаўчага камітэта.


Турнір праводзіўся пры дапамозе і падтрымцы нашых калег з Ашмян і, у прыватнасці, рэгіянальнага прадстаўніка Беларускай лігі інтэлектуальных каманд Ларысы Каханоўскай, якая прывезла пакет пытанняў для ўсіх трох гульняў і правяла турнір.
Ён быў адкрыты: акрамя астравецкіх, у гульні прынялі ўдзел тры ашмянскія каманды, дзве з якіх прадстаўлялі тамтэйшую гімназію: добра вядомая ў вобласці “У дзясятачку”, якая і ў мінулыя разы вярталася з Астраўца з прызамі, іх малодшыя калегі пад назвай “Inside” і яшчэ адна моцная, але значна змяніўшая склад, а разам з ім і назву каманда “Гасіла”, больш вядомая астраўчанам як “Ашмянскія перцы” – раней яны выступалі менавіта пад такой назвай.
Астравец прадстаўлялі большай часткай ужо “падсеўшыя” на інтэлектуальную “іголку” каманды: “Востраў шанцавання” з рэдакцыі, каманда райвыканкама “Magnum ignotum”, цэнтральнай раённай бальніцы “Дзеці Гіпакрата”, гімназіі “Аstra”, Гудагайскай СШ “А’крэм”, зборная праваахоўных органаў “Антрацытавае сонца”, каманда СШ №1 “Акорд”. Але дабавіліся і вельмі моцныя навічкі: сваю каманду “Ядзерны востраў” выставіла дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі. На жаль, па невядомай прычыне не прынялі ўдзел у турніры вельмі цікавыя каманды падатковай інспекцыі, аддзела культуры райвыканкама, райспажыўтаварыства, якія раней радавалі сябе саміх і гледачоў добрай гульнёй.
Турнір складаўся з трох частак: добра вядомай “Сваёй гульні”, наадварот, практычна невядомай нікому, акрамя гасцей, “Рызыкуй” і традыцыйнай і самай галоўнай – “Што? Дзе? Калі?” У якасці прызоў разыгрываліся тры “яблыкі азарэння” – чырвоны, жоўты і зялёны – ад рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда”, якія па палажэнню ўручаліся камандам, якія стануць лепшымі па суме трох гульняў. Лепшай астравецкай камандзе ўручаўся пераходны прыз раённага выканаўчага камітэта – крыштальны кубак. Усе прызы па спецзаказу былі выраблены на шклозаводзе “Нёман”. Акрамя таго, пераможцы ўсіх гульняў і турніру ўвогуле ўзнагароджваліся адпаведнымі дыпломамі.
Забягаючы наперад, вымушана з пэўнай доляй жалю зазначыць, што ўсе тры “яблыкі азарэння” паехалі да суседзяў: ашмянскія знатакі, якія пастаянна трэніруюцца, удзельнічаюць у інтэлектуальных турнірах, паказалі больш высокі ўзровень падрыхтоўкі, чым астраўчане, і ў выніку апустошылі наш “яблыневы сад”. Лепшай ва ўсіх трох гульнях і ў турніры ў цэлым стала каманда “У дзясятачку”, другое месца занялі “Гасілы”, а трэцяе – каманда “Inside”.
Але гэта не азначае, што нашы інтэлектуалы сыгралі дрэнна! Так, мы пакуль што слабейшыя за ашмянцаў – гэта аб’ектыўная рэальнасць. Але ж і займацца інтэлектуальнымі гульнямі і праводзіць падобныя турніры мы пачалі значна пазней. Аднак нельга не адзначыць, што ўзровень астравецкіх каманд няўхільна расце.
 Словам, калі б турнір быў закрытым ці ашмянскія каманды выступалі па-за залікам – магчыма, у наступным турніры правілы будуць зменены менавіта такім чынам, бо не зусім карэктна выстаўляць на рынг баксёраў рознай вагавой катэгорыі — то сярод астравецкіх каманд лепшы вынік у “Сваёй гульні” паказаў “Востраў шанцавання”, другім быў “Magnum ignotum”, трэцяе месца падзялілі “Ядзерны востраў” з “Антрацытавым сонцам”. У гульні “Рызыкуй” лепшымі сярод нашых каманд зноў стаў “Востраў шанцавання”, другімі былі “Дзеці Гіпакрата”, на трэцім месцы —“Magnum ignotum”. “Дзеці Гіпакрата” былі лепшымі ў гульні “Што? Дзе? Калі?”, “Ядзерны востраў” тут стаў другім, а гудагайскі “А’крэм” – трэцім. Па выніках трох гульняў лепшай астравецкай камандай стаў “Востраў шанцавання”, другое месца падзялілі “Ядзерны востраў” і “Дзеці Гіпакрата”, а на трэцім —“Magnum ignotum”.
Безумоўна, самай цікавай і складанай часткай турніру была гульня “Што? Дзе? Калі?”. Трыццаць закавырыстых пытанняў, на кожнае з якіх трэба праз хвіліну знайсці адказ — гэта зусім не проста. Нават лепшая з каманд – “У дзесятачку” – “узяла” толькі дваццаць пытанняў. Было ў гульні тры “труны” – пытанні, на якія ніхто не даў правільны адказ. Такімі сталі пытанні  пра Шэрлака Холмса, які ніколі не жыў і ніколі не памрэ, не зусім карэктнае, з майго асабістага пункту гледжання, пытанне пра цытату з фразеалагічнага слоўніка рускай мовы 1989 года выдання, дзе тлумачэнне “вельмі даўно, параўнальна “пры цару Гароху” азначае “да Нараджэння Хрыстовага”. І крыху дзіўна было, што, нягледзячы на празрыстую падказку вядучай, ніхто не здагадаўся, што менавіта падавала на закуску дама, апранутая ў касцюм з птушынага пер’я – большасць палічыла, што гэта было птушынае малако ці хоць бы ананасы, а аказалася – усяго толькі сыр: “Вароне Бог паслаў кавалак сыру…”
Даволі складаным для знатакоў аказалася пытанне пра хлопчыка, які загадаў Дзеду Марозу сто жаданняў – толькі каманда “У дзясятачку” дайшла – а хутчэй за ўсё, проста ведала – што апошнім жаданнем былі “ад сквапнасці таблеткі”. Адны “Дзеці Гіпакрата” здагадаліся, што самым галоўным чалавекам усіх часоў і народаў па выніках праведзенага штотыднёвікам “Аргументы і факты” апытання з’яўляецца нават не Ісус Хрыстос, які апынуўся на другім месцы, а мама – большасць дастаткова сціпла вырашыла, што гэта –Я, ці хоць бы Дзед Мароз. Толькі дзве каманды –“Ядзерны востраў” і “Дзеці Гіпакрата” – “ўзялі” пытанне пра тое, што падчас вялікай і разнастайнай канцэртнай праграмы на фронце адна дзяўчына захацела быць проста гледачом. “Востраў шанцавання” і “Гасіла” здагадаліся, што на дыван у міністэрстве абароны Германіі, на якім адлюстравана аэрафотаздымка  Берліна 1945 года, “наступаюць”. Толькі “Антрацытавае сонца” і “А’крэм” узялі пытанне пра веер, і той жа “А’крэм” ды ашмянскія “Гасілы” вылічылі, што Чарлі Чапліну ў пекле падабаецца добрая публіка – большасць палічыла, што  — кампанія.
Затое ўсе каманды без выключэння ўзялі пытанне пра метро, на будаўніцтва якога пайшло больш за ўсё мармуру; пра яблыкі, якія развешвалі на дрэвах у свята “Притяжество”, якое супадала з Ражаством — але ў гэты дзень яшчэ адзначалі дзень нараджэння Ісаака Ньютона; пра тое, што толькі ад суддзі залежыць, колькі дадуць за вялікі і прыгожы брыльянт.
Словам, пытанні на гульні былі розныя па ўзроўню складанасці – такімі ж атрымаліся і адказы. Падлічыўшы ўсе “плюсы” і “мінусы”, журы вызначыла лёс нашых яблыкаў, якія, як ужо гаварылася, дружна паехалі ў Ашмяны. Лепшай астравецкай камандай, якая ў другі раз атрымала пераходны прыз райвыканкама, стаў рэдакцыйны “Востраў шанцавання”.
У якасці прызоў усе каманды, якія ўдзельнічалі ў турніры, атрымалі ад грамадскай арганізацыі “Белая Русь” салодкія падарункі – тарты, ад дырэкцыі будаўніцтва атамнай электрастанцыі – сувенірную прадукцыю, а ад фізкультурна-спартыўнага клуба – нядаўна выпушчаны буклет “Астравеччына турыстычная”.
Але галоўным падарункам для ўсіх каманд, думаецца, стала задавальненне ад гульні. А гэта – галоўная запарука таго, што падобныя інтэлектуальныя гульні і турніры будуць працягвацца – трэба  ж і нам падцягвацца да ўзроўню хоць бы тых жа Ашмян.
 Хоць, зрэшты, і яны не  богі, і мы ад іх  соў звозілі, і неаднойчы…


Ніна РЫБІК.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.