"Репортёр выходит в свет". Гордимся своей страной

14:00 / 03.07.2014
Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь карэспандэнт “АП” звяртаўся да прахожых на вуліцах Астраўца, каб даведацца, што, на іх погляд, з’яўляецца адным з самых галоўных дасягненняў беларусаў і Беларусі ў апошнія гады, а таксама каго яны хочуць павіншаваць і павітаць у гэты святочны дзень.


Крысціна Васілеўская, пенсіянерка:

– Беларусь за гады сваёй незалежнасці дасягнула даволі высокага ўзроўню. І з кожным годам дасягненні нашай краіны ўсё больш відавочныя.

Асобна хачу адзначыць працу работнікаў медыцыны і падзякаваць астравецкім урачам-кардыёлагам і неўрапатолагам, якія некалькі разоў ратавалі маё жыццё, – дзякуючы ім я яшчэ жыву, рухаюся і дыхаю.

Віншую з гэтым светлым і святым днём усіх беларусаў.


Елізавета Букель, абітурыент:

– Адразу чамусьці ўспомніўся Чэмпіянат свету па хакеі, які нядаўна прайшоў у Беларусі. Гэта сапраўды асаблівая падзея, якая паказвае, што краіна дасягнула вялікага ўзроўню ў спартыўным і грамадскім жыцці.

Трэба адзначыць, што беларуская медыцына таксама зрабіла вялікі крок наперад – я нядаўна была ў нашай ЦРБ, дык бачыла там шмат сучаснай тэхнікі.

А прывітанне і віншаванні з Днём Незалежнасці дазвольце перадаць абсалютна ўсім грамадзянам нашай краіны і асобна – ветэранам вайны і ветэранам працы, якія падымалі Беларусь з руінаў.


Анатоль Шурганаў, электразваршчык:

– Я сам з горада Энергадара, што ў Запарожскай вобласці. У Астравец прыехаў толькі чатыры месяцы таму. Адразу пабываў у Мінску – цудоўны горад. Але трэба адзначыць, што мне больш даспадобы Астравец – ён нечым нагадвае наш Энергадар: зялёны, чысты, ціхі і ўтульны. Там ужо даўно працуе шэсць блокаў атамнай электрастанцыі, яшчэ адзін знаходзіцца ў трэніровачным рэжыме.

Лічу, што да дасягненняў сучаснай Беларусі можна аднесці мірны атам на службе ў грамадства.

Перадаю прывітанне сваім родным, а таксама хачу павіншаваць з надыходзячым святам НІАЭП, трэст РОССЭМ, сваіх калег па працы і асобна Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, дзякуючы намаганням якога ваша краіна дасягнула ў сваім развіцці небывалых поспехаў.


Марыя Броўка, абітурыент:

– Вялікае захапленне ў мяне выклікае наша Нацыянальная бібліятэка – адно з найвялікшых цудаў сучаснай Беларусі. Гэта сімвал нашай краіны – светлы і прыгожы.

З Днём Незалежнасці я хачу павіншаваць усіх сваіх сяброў і родных. А яшчэ ўсіх будаўнікоў, інжынераў і рабочых, адкуль бы яны ні былі, якія зараз працуюць на будаўніцтве ў нашым раёне першай Беларускай АЭС, а ў Астраўцы – на жыллёвых і грамадскіх аб’ектах.


Анатоль Кісялёў і Валянціна Аўласка, пенсіянеры, госці з Полацка:

– Мы на святы заўсёды прыязджаем на Астравеччыну. Хоць у нас дома таксама добра і горад наш прыгожы, але ў некаторых накірунках Астравец усё роўна апярэджвае Полацк. Напрыклад, у культуры зносін: прадаўцы ў вас вельмі культурныя і ветлівыя, вадзіцелі заўсёды прыпыняюцца перад пешаходным пераходам.

Да дасягненняў нашай краіны, напэўна, трэба аднесці вялікую будоўлю: у Мінску, у Полацку, у Астраўцы і не толькі ўзводзіцца шмат дамоў, стадыёнаў, цэнтраў – усё гэта для людзей.

Спартыўныя дасягненні ў Сочы таксама паднялі рэйтынг Беларусі: Дар’я Домрачава, Ала Цупер, Надзея Скардзіна, Антон Кушнір – на такіх спартсменаў варта раўняцца сучаснай моладзі.

А павіншаваць з Днём Незалежнасці мы б хацелі ўвесь беларускі народ, які ўмее і любіць працаваць, шануе сваю спадчыну і клапоціцца аб сваёй будучыні. Што да вашага горада, то трэба аддаць належнае работнікам Астравецкага райвыканкама на чале з Адамам Кавалькам, дзякуючы якім Астравец красуе, цвіце і горда нясе званне аднаго з прыгажэйшых гарадоў Беларусі.


--------------------------------------------

Гутарыў Антон Мальшэўскі, фота аўтара.