"Репортёр выходит в свет". Чем вам запомнился июнь?

13:00 / 28.06.2014
1
Карэспандэнт «АП» выйшаў на вуліцы горада, каб даведацца, якія планы ў людзей на тыя два месяцы лета, што чакаюць нас наперадзе, чым займаюцца ў вольны час зараз і чым ім запомніўся чэрвень?

Гэлена Субаткевіч, пенсіянерка:

– Нічым зараз я не займаюся – гады ўжо не тыя. Нават грады ў гэтым годзе не садзіла. Так, звычайныя будзённыя справы: у магазін схажу, у хаце прыбяру, паесці прыгатую, посуд памыю – вось і ўсё.
Бог дзетак маіх забраў да сябе, а мяне пакуль нешта не кліча. Так вось і жыву адна… Час ад часу пляменнік праведвае ці сама да суседак выходжу пагаманіць. На святы яшчэ езджу на могілкі ў Вялікія Свіранкі – там хатка засталася пасля сястры – парадак наводжу. Вось і ўсе мае вандроўкі.


Мечыслаў, госць з Літвы:

– Я тут у родзічаў гасціў, а зараз збіраюся дадому ехаць, у Вільнюс. Але праз колькі дзён зноў прыеду ў Астравец. Тут у мяне сястра жыве, знаёмых хапае. Ды і сам я тут нарадзіўся і жыў, пакуль у 1960-м годзе ў армію не пайшоў. Адслужыў і ў Вільнюсе асеў. Сюды прыязджаю, каб адпачыць, па гаспадарцы дапамагчы, пагаварыць…
Некаторыя ў Беларусі лічаць, што за мяжой, як толькі чалавек выйшаў на пенсію, дык адразу пачынае “катацца па Еўропах”. Хлусня! Жыццё ў Літве не асабліва адрозніваецца ад беларускага: тут і там хапае багатых і бедных, добрых і злых, здаровых і хворых. Як гаворыцца: там добра, дзе нас няма…


Аксана Андрыеўская,  знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку:


– Планаў на лета ў мяне няшмат – увесь вольны час і сілы забіраюць дзеці. Трое дзяцей – гэта вам не жартачкі. У бліжэйшыя гады тры ніякіх планаў на вандроўкі не чакаецца. Да таго ж я люблю родны Астравец, таму жадання некуды паехаць не ўзнікае. Лічу, што можна і ў нас на ГЭСе цудоўна адпачыць ці махнуць на Сарачанскія азёры.
Як толькі ўсталюецца добрае надвор’е, паедзем да бабулі ў Лошу. Там шмат працы чакае: грады трэба палоць, ураджай збіраць, закаткі на зіму рыхтаваць. Так што планы на лета – самыя жыццёвыя.


Уладзіслаў Мажэйка,  вучань 7 класа СШ №1:


– Амаль цэлы месяц штодня ежджу на рыбалку на Лошу, што па Астраўцы цячэ. У гэтым годзе бацькі ўжо адпускаюць спакойна, а ў мінулым цяжка было адпрасіцца.
Сям'ёй збіраемся ў хуткім часе паехаць на адпачынак на Сарачанскія азёры. А ў марах… Хацелася б на якія Гаваі з’ездзіць, паглядзець, як там.


Эрык Урбановіч,  вучань 6 класа СШ №1:


– Зараз я дома адпачываю, але хутка паеду ў лагер “Вясёлка” ў Рымдзюны. Чакаю з нецярпеннем гэтага дня, а пакуль з сябрамі па Астраўцу катаемся на веласіпедах ці на Лошы рыбу вудзім.
На летнія канікулы нам задалі шмат твораў прачытаць, але я пакуль яшчэ не пачынаў – рукі не даходзяць. Можа, па вяртанні з лагера вазьмуся.
А ў планах – паездка на Свір. Бацька абяцаў, што як будзе добрае надвор’е, абавязкова паедзем туды адпачыць, пакупацца і шашлыкоў пасмажыць.


-------------------------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.