"Репортёр выходит в свет". А вы следите за Чемпионатом мира по футболу?
На жаль, нашы футбалісты ўдзелу ў ім не прымаюць. І ўсё ж – ці сочаць за Чэмпіянатам і за каго “хварэюць” жыхары Астравеччыны? Гэта высвятляў наш карэспандэнт.
Максім Каспяровіч, вучань 5 класа Гудагайскай сярэдняй школы:
– Час ад часу я за гульнямі сачу, але перавагу аддаю боксу. Я хаджу на секцыю па боксе ў нашу спартыўную школу, так што ён мне больш падабаецца. Хто мой любімы баксёр? Напэўна, Рой Джонс – сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 1988 года.
Звычайна, калі гляджу футбол, то “на інтарэс”, а прымаю старану выключна пераможцы. Нашы футбалісты, лічу, не трапілі на Чэмпіянат таму, што ў іх не хапае ўпэўненасці і недастаткова матывацыі. Вось каб іх трэнерам быў Рой Джонс, то яны абавязкова б трапілі ў Бразілію (смяецца), бо баяліся б прайграць.
Агата Субаткевіч, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №1:
– Я ў курсе сусветных спартыўных падзей, хоць сама футбол не вельмі люблю. Затое мой брат – той яшчэ фанат: глядзіць, вельмі хвалюецца, часам нават лаецца (смяецца). Ведаю, што нашай зборнай там няма, затое ёсць нашы суседзі – расіяне, за іх і “хварэю”.
Але, шчыра кажучы, мне больш падабаецца фігурнае катанне. На апошніх зімовых гульнях вельмі хвалявалася за Юлю Ліпніцкую і Адаліну Сотнікаву, але дзяўчаты – сапраўды майстры канькоў. Сама я аддаю перавагу валейболу, бегу, а зімой катаюся на лыжах.
Павел Букель, загадчык аддзела па рабоце з моладзю райвыканкама:
– Гляджу, калі атрымліваецца, але звычайна работы шмат, таму такія моманты – рэдкасць. Дзякуй ZALA і інтэрнэту за магчымасць пазней пераглядзець цікавыя моманты. Так што я ўсё ж у курсе турнірнай табліцы і гульняў.
Хварэю за тры каманды – Расію, Германію і Коста-Рыку. Першыя дзве проста моцныя і даўно згуляныя каманды, а трэцяя нечаканая, гэткі “цёмны конік”. А мне вельмі хочацца, каб перамагла нейкая нечаканая каманда. Спадзяюся на сенсацыю, калі ў фінал выйдуць дзве амаль невядомая краіны, – гэта было б цікава.
А нашы, лічу, не трапілі на Чэмпіянат таму, што ў нашай краіне футболу ўдзяляецца мала ўвагі, а трэба было б яго даўно “падцягнуць” да сусветнага ўзроўню.
Анатоль Леанідавіч, пенсіянер:
– Што за пытанне?! Кожны матч гляджу і пераглядваю!
На мой погляд, каманда Бразіліі добрая, згуляная, але, баюся, не хопіць у яе моцы стаць чэмпіёнам. Хаця вельмі б хацелася ўбачыць іх на першай прыступцы п’едасталу.
А вось у нашых футбалістаў зараз склалася такая сітуацыя, што яны хочуць гуляць добра, прыгожа і вынікова – але не могуць. Усё ўпіраецца, лічу, фінансаванне не толькі футбола, але і спорту ўвогуле. Яно павінна быць лепшым. У нас не хапае маладых і актыўных. Хаця з іншага боку, хакей жа мы паднялі на адпаведны ўзровень – зараз трэба футбол уздымаць.
Раман Гродзель, вучань 6 класа сярэдняй школы №1:
– Стараюся сачыць за Чэмпіянатам свету, але матчы паказваюць позна, не кожны дачакаецца перад тэлевізарам. Мой бацька, напрыклад, з тых аматараў, што могуць сядзець дапазна, – пару гадоў таму ён нават са сваёй камандай па футболу ў Ліду ездзіў на спаборніцтвы і вярнуўся адтуль з другім месцам.
Я хоць футбол і люблю паглядзець, але перавагу ўсё ж аддаю боксу. Хаця ніколі не ўпускаю магчымасці гадзіну-другую паглядзець добрую і зладжаную гульню, а яшчэ лепш – самому паганяць мяч на стадыёне.
------------------------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.