"Репортёр выходит в свет". От кого нужно защищать детей?

17:00 / 31.05.2014
У першы дзень лета ў многіх краінах свету адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей.
У нашай краіне і ў раёне таксама шмат увагі ўдзяляецца праблеме абароны дзяцей, жыццё і здароўе якіх знаходзіцца пад пагрозай.
Страшней за ўсё, калі дзяцей трэба абараняць ад уласных бацькоў. Як уздзейнічаць на тых, хто на першае месца ставіць бутэльку гарэлкі, а не шчасце, здароўе і дабрабыт сваіх дзяцей? Ці існуюць шляхі вяртання такіх гора-бацькоў у грамадства, ці яны сапраўды “кончаныя” людзі? З гэтымі пытаннямі і выйшаў на вуліцы Астраўца наш рэпарцёр.


Вольга, Астравецкі пагранічна-кантрольны ветэрынарны пункт:

– Што рабіць з такімі бацькамі? Адказаць складана. Я сутыкалася з выпадкамі калі дзяцей забіралі ад злоўжываючых спіртным бацькоў у сацыяльны прытулак. Але ведаю толькі адзін выпадак, калі хлопчык потым трапіў у інтэрнацкую ўстанову. А ўсе астатнія бацькі знайшлі ў сабе сілы, каб стаць на шлях выпраўлення.
Так што я веру ў тое, што кожны можа выправіцца, калі моцна гэтага захоча. Проста трэба такім людзям дапамагчы: размаўляць з імі, вучыць, у некаторых выпадках строга кантраляваць і абмяжоўваць – тады, я ўпэўнена, кожны здолее выправіцца.


Аляксандра, маладая маці, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, з дачкой Дашай:

– Я сутыкалася з праблемай пазбаўлення бацькоўскіх правоў і ведаю, што ў большасці выпадкаў, якая б ні была маці, дзеці ўсё роўна цягнуцца да яе і не жадаюць нікуды ад яе з’язджаць. У нашым раёне, наколькі я ведаю, няма такіх маці, якія б былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў і не жадалі б вярнуць сваіх дзяцей. Ведаю выпадкі, калі жанчыны станавіліся на шлях выпраўлення і вярталіся да нармальнага жыцця – галоўнае, каб грамадства ім у гэтым дапамагло.
Сацыяльны прытулак, на мой погляд, – гэта не выйсце. Лічу, што забіраць туды дзяцей трэба толькі ў самым крайнім выпадку, калі ёсць рэальная пагроза для іх жыцця.


Атлыхан Атлыханаў, госць з Азербайджана:

– Не глядзець дзяцей – гэта вельмі дрэнна. У мяне на радзіме людзі жывуць па мусульманскіх законах, таму ў нас такой праблемы, як п’янства, няма. У нас дзеці – гэта сапраўды “кветкі жыцця”, і глядзець, як яны растуць, – сапраўднае шчасце!
Напэўна, каб у нас былі такія бацькі, якія ставілі б гарэлку вышэй за дзяцей, да іх прымаліся б самыя жорсткія пакаранні. Спачатку далі б ім месяц на выпраўленне. Калі гэта не дапамагае, то бессэнсоўна прасіць і пагражаць – трэба караць, і строга.


Святлана Ромаш, сакратар Гудагайскай сярэдняй школы:

– Пэўны час я працавала ў сельскім Савеце, таму ведаю сем’і, адкуль дзяцей – голых, галодных, збітых – ледзь не сілай забіралі ў прытулак. І хоць да такога нечалавечага стану даводзілі іх бацькі, малыя ўсё роўна да іх цягнуліся. У большасці сваёй гэта сем’і, дзе бацькі не маюць нават сярэдняй адукацыі і не ведаюць іншых спосабаў адпачынку, акрамя як за бутэлькай. Вядома, што дзецям у такім акружэнні дрэнна, і шкада такіх дзяцей, бо яны ўсё роўна любяць сваіх бацькоў.
Выйсце, на мой погляд, адно: ад такіх татаў і мам дзяцей трэба забіраць. А калі не дапаможа, то трэба стварыць, напэўна, спецыяльныя лагеры, дзе гэтыя гора-бацькі будуць працаваць гадзін па 12 на карысць дзяржавы, каб ім жыццё не здавалася такім лёгкім. А то ў нас, на мой погляд, да бацькоў-алкаголікаў прымяняюцца мяккія пакаранні, а між тым іх дзеці пакутуюць і грамадства разбэшчваецца.


-------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.