"Репортёр выходит в свет". Нам нужен такой хоккей!

17:00 / 24.05.2014
Галоўнай падзеяй двух апошніх тыдняў, напэўна, кожны жыхар і госць Беларусі без ваганняў назаве Чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіць у нашай краіне. Для беларусаў гэта не проста адна з галоўных падзей года, але і выпрабаванне: ці здолеем мы паказаць, што Беларусь можа годна арганізоўваць турніры такога маштабу і прымаць замежных гасцей?
А між тым, да завяршаючых падзей – фінальнага матча чэмпіянату – застаюцца лічаныя гадзіны. Каб высветліць, за каго “хварэюць” жыхары і госці Астраўца і якія пачуцці выклікае ў іх Чэмпіянат свету, выйшаў напачатку тыдня, калі інтрыга яшчэ захоўвалася, на вуліцы горада наш карэспандэнт.

Марк Стакун, прызыўнік:


– Гляджу матчы толькі з удзелам беларускіх хакеістаў – на іншыя проста не застаецца часу, бо літаральна праз некалькі дзён іду ў армію, а яшчэ застаецца шмат нявырашаных спраў.
Любімчыкаў у нашай зборнай у мяне няма. Я лічу, што ўсе нашы хлопцы – годныя хакеісты.
Пераможа, як мне здаецца, зборная Расіі, а нашы хлопцы, спадзяюся, здолеюць “адціснуць” бронзу на чэмпіянаце. Вядома, хацелася б да “армейкі” трапіць на “жывую” гульню нашай каманды. Буду спадзявацца, што паспею...


Аксана Мізей, медсястра ЦРБ з сынам Аляксеем:


– Мой муж – вялікі фанат хакея. Ад пачатку чэмпіяната ён не прапусціў ні адной гульні і, зразумела, мяне “падсадзіў” – глядзім і “хварэем”. Так што я ў курсе ўсіх перыпетый чэмпіяната і ўжо нядрэнна разбіраюся ў правілах, імёнах і камандах.
Сама сябе ярай фанаткай не назаву, але люблю паглядзець гульню, асабліва калі ў ёй удзельнічаюць нашы хакеісты. Хаця мне больш даспадобы валейбол – прынамсі, раней быў, бо зараз шмат часу і энергіі ўдзяляю сям’і і працы.
Ну, а на чэмпіянаце хварэем, вядома, за беларускую зборную і спадзяёмся на годнае месца.


Мікалай, госць Астраўца (без фатаграфіі):


– Матчы чэмпіянату я гляджу рэдка, але вынікі праглядваю рэгулярна, асабліва тыя, дзе гуляюць “нашы”. Хто “нашы”? Зразумела, расіяне і беларусы, хаця большую перавагу я аддаю ўсё ж расійскай зборнай, бо, на мой погляд, каманда з Расіі больш згуляная і мацнейшая.
Прагназаваць, хто пераможа, не буду, бо спорт – справа непрадказальная, да таго ж ёсць выпадковасць ці ўдача.


Аляксандр Якіменка, акампаніятар народнага хора ветэранаў:


– Па вечарах паглядзець матчы я не паспяваю, затое кожны ранак у мяне пачынаецца з прагляду спартыўных навін. Перамогі нашай зборнай вельмі ўзрадавалі. Лічу, калі ты завешся хакеістам, то павінен Гуляць з вялікай літары, а не катацца па пляцоўцы з клюшкай у руках! І нашы хлопцы зараз даказваюць, што ў Беларусі ёсць свае “хакейныя”зоркі.
А яшчэ прыемна, што на чэмпіянат у Беларусі сабраліся лепшыя каманды свету. Не пабаюся сказаць: мы змаглі даказаць, што наша краіна не горшая за іншыя.


Яўген Недалтоўскі, студэнт:


– Тэлевізар я ўвогуле гляджу рэдка, таму і матчы па хакеі цалкам не бачыў. Але, звычайна, па вечарах з дапамогай відэапаслугі ZALA (адмотванне назад) праглядваю самыя цікавыя моманты.
Зараз хачу паехаць у сталіцу, каб падтрымаць нашу каманду “ўжывую”. Хварэю, вядома, за нацыянальную зборную. Лічу так: калі ўжо чэмпіянат праходзіць у Беларусі, то і перамагчы павінны нашы! Зразумела, што ў Расіі – больш моцныя хакеісты, але я працягваю верыць у нашых хлопцаў!


--------------------------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара.