"Репортёр выходит в свет". А вам нравится Островец?

13:00 / 17.05.2014
3
Астравец за некалькі апошніх гадоў значна папрыгажэў – і гэтага нельга не адзначыць. Вядома, можна спаслацца на тое, што побач з ім будуецца першая беларуская атамная электрастанцыя, – і горад-спадарожнік “павінен адпавядаць”. Але гэта будзе толькі напалову праўда. Бо жыхары Астравеччыны – вельмі руплівыя і старанныя людзі, якія стараюцца зрабіць наш горад прыгажэйшым.
Ці, можа, гэта суб’ектыўная пазіцыя? З пытаннем “Ці падабаецца вам Астравец?” і выйшаў у свет рэпарцёр раённай газеты.

Ванда Станіславаўна, пенсіянерка:


– Я да 1965 года жыла на Іўеўшчынне, а потым, калі тут стварылі раён, пераехала ў Астравец. Прыехалі сюды працаваць, нам кватэру выдзелілі ў адным з першых пабудаваных дамоў у цэнтры. З той пары тут і жыву, прывыкла да горада і да людзей. Хаця спачатку рабіла некалькі спроб “збегчы” – муж даганяў, спыняў, вяртаў.
А сёння Астравец – мая радзіма. Гарадок ціхі і спакойны, вельмі ўтульны. Якія раней тут вуліцы былі? Карла Маркса, Савецкая і Леніна – вось і ўвесь Астравец. Цэнтральны парк яшчэ маладым памятаю, калі дрэвы тут толькі высадзілі.
Што б хацелася памяняць, дык гэта якім-небудзь чынам паменшыць колькасць машын у дварах, бо як завядуцца, дык не прадыхнуць ад выхлапаў. Раней на ўвесь Астравец толькі і было, што адзін матацыкл у міліцыі і машына “хуткай”. А зараз кроку не зробіш, каб на машыну не натыкнуцца.


Даніэла Шылко, вучаніца 9 класа гімназіі №1:


– Я шмат дзе пабывала ў Беларусі і за яе межамі, але горадам нумар адзін для мяне заўсёды з’яўляўся Астравец – маленькі, прыгожы, чысты. Мне падабаецца, што тут усе ведаюць адзін аднаго, вітаюцца і ўсміхаюцца табе пры сустрэчы.
Мне асабліва падабаецца ў цэнтральным парку. Хацелася б бачыць у райцэнтры яшчэ больш паркаў і месцаў для адпачынку. Яшчэ няблага было б пабудаваць вялікі магазін кшталту “Еўраопта”.


Бажэна Валуевіч, вучаніца 9 класа гімназіі №1:


– Хаця я і люблю Астравец, але мне здаецца, што ў нас многага не хапае. Хаця я дамаседка і па горадзе гуляю нячаста, але ведаю, што гасцей у нас асабліва няма куды павесці. Ні музея, ні галерэй якіх-небудзь, ні вялікага талковага магазіна. Яшчэ не хапае вулічных музыкантаў у цэнтры – хаця б летам...
Я часта бываю ў родзічаў у Віцебску, які мне падабаецца больш, асабліва падчас “Славянскага базару”. У Вільнюсе можна гадзінамі хадзіць па гіпермаркету “Максіма”. Хацелася б нешта падобнае бачыць і ў Астраўцы.


Алег Янкоўскі, ваеннаслужачы ваеннай часці 2044 з сынам Дамірам:


– Мне Астравец падабаецца з-за яго невялікіх памераў. Тут ёсць усё, што трэба, і адносна недалёка: магазіны, рынак, парк. Мне асабліва падабаецца наш Востраў Кахання – мы ўсёй сям’ёй амаль кожны вечар там гуляем. Ды і дзяцей лепш гадаваць там, дзе чыстае паветра, цішыня і размераны рытм жыцця, а не ў вялікіх гарадах, дзе вялікі рух і забруджанае паветра.
Але, на мой погляд, для маленькіх жыхароў Астравеччыны можна было б зрабіць больш месцаў адпачынку, да прыкладу, басейн ці аквапарк. Дарослыя, я думаю, у падобныя месцы таксама хадзілі б з задавальненнем.


Вера Сівец, Яна Кавалеўская, Віка Салавей, вучаніцы 5 класа гімназіі Астраўца:


– Астравец нам вельмі падабаецца. Мы былі ў Гродна, Мінску, Маладзечна, але лічым, што наш райцэнтр – лепшы. Наша самае любімае месца – гэта, канешне ж, Востраў Кахання – утульны, прыгожы і ціхі.
Чаго б яшчэ хацелася ў Астраўцы, дык гэта, напэўна, больш месцаў для адпачынку: розных атракцыёнаў, якія будуць працаваць увесь час, а не толькі па святах, каб у нас былі кола огляду, 5D-кінатэатр, аквапарк і нават заапарк. Добра было б, каб яшчэ прыгожыя архітэктурныя скульптуры паставілі ў кожным двары.


-------------------------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара
.