Легко ли быть молодым?

17:00 / 10.05.2014
Маладосць – найлепшая пара ў жыцці. Радасць, смех, шчасце, каханне, мары… Мы, маладыя, прасцей глядзім на свет, чым дарослыя. Хоць мы можам памыляцца, прымаць няправільныя рашэнні, але гэта – наш выбар і наша жыццё, якое мы будуем самі…
Напэўна, многія заўважалі, што маладыя людзі ўсміхаюцца часцей, чым дарослыя. Можа таму, што ў нас менш праблем і мы верым, што нашы мары абавязкова спраўдзяцца. У гэты перыяд жыцця моладзь глядзіць на ўсё праз «ружовыя акуляры». Мы ўспрымаем падзеі так, як нам хочацца.
Розныя погляды моладзі і дарослых нярэдка прыводзяць да неразумення і канфліктных сітуацый паміж пакаленнямі. Мы нярэдка думаем, што нашы бацькі не разумеюць нас, маладых, лічым іх погляды састарэлымі. А часам варта задумацца, што дарослыя, магчыма, проста больш рэальна глядзяць на свет у адрозненне ад нас, маладых. У іх большы жыццёвы вопыт, яны лепш разбіраюцца ў людзях, умеюць хутчэй знайсці выйсце з сітуацыі. Каб аблегчыць наша жыццё, бацькі часам не хочуць дзяліцца сваімі праблемамі. А моладзі здаецца, што ў бацькоў усё атрымліваецца, што цяжкасцяў у іх ніякіх няма.
Нам, маладым, лягчэй жыць, таму што побач ёсць дарослыя, якія імкнуцца аблегчыць нам жыццё, паказваюць напрамак руху, раяць, як лепш зрабіць.
«Ці лёгка быць маладым?» – аб гэтым я запыталася ў моладзі і ў людзей старэйшага пакалення.


Канстанцін, 19 гадоў:
– Гэта самы «круты» час. Асабліва – студэнцкая пара, калі ні аб чым асабліва не турбуешся. Галоўнае – не нарабіць шмат памылак у маладосці, бо і да старасці не разбярэшся з імі. Некаторыя сцвярджаюць, што маладым можна быць усё жыццё, нават калі табе ўжо далёка за 30 гадоў – галоўнае быць маладым душой.

Вікторыя, 20 гадоў:
– Быць маладым – гэта лепшае, што можа быць у нашым жыцці. Асабліва студэнцкія гады: удзел у мерапрыемствах, адпачынак з сябрамі, падарожжы. Ад маладосці трэба браць усё, што можна – інакш потым будзеце шкадаваць. Такая пара бывае толькі адзін раз у жыцці.

Насця, 17 гадоў:
– “Ці лёгка быць маладым” – на гэтае пытанне можна глядзець па-рознаму. З аднаго боку, можна лічыць, што быць маладым – гэта цяжка: трэба вырашаць нейкія свае пытанні, думаць аб тым, куды пайсці вучыцца, якая прафесія больш падабаецца. З іншага боку, быць маладым – гэта лёгка і цудоўна. Бо ў гэтым узросце ў жыцці менш клопатаў і ўсякіх цяжкасцяў, якія сустракаюцца на жыццёвым шляху, больш вольнага часу – яго хапае на асабістыя справы, у адрозненне ад дарослых, якія ўвесь час аб нечым турбуюцца.

Юля, 22 гады:
– Я лічу, што маладым быць лёгка, бо перад табой адкрыты ўсе дзверы, шмат перспектыў і магчымасцяў у жыцці. Усе гэтага можна дасягнуць дзякуючы здароўю і "свежым мазгам", калі табе нічога не баліць, калі ты ў росквіце сіл.

Лена, 32 гады:
– Калі ты малады, у цябе ёсць здароўе, сілы, энергія, ты поўны ідэй і адчуваеш сябе на вяршыні свету. Перад маладымі адкрыты ўсе дарогі, і яны вольны выбраць любую, пайсці сваім, нязведаным шляхам. Іх не палохаюць памылкі. У іх яшчэ ўсё наперадзе, яны лічаць, што паспеюць выправіць свае памылкі і зрабіць сотні добрых спраў.

Вольга, 42 гады:
– Цяжка быць маладым… Але якія б цяжкасці, праблемы ні ўзнікалі, маладым быць цікава, таму што наперадзе ўсё жыццё. І якім яно будзе, залежыць ад кожнага з нас. Чалавек – каваль свайго шчасця. Трэба рыхтаваць сябе да жыцця карыснага і цікавага. Лёгкага жыцця не бывае, перашкод і цяжкасцяў будзе шмат. Галоўнае – умець іх пераадольваць на шляху да свайго шчасця і верыць у свае сілы.

-------------------------
Аксана Місевіч.