"Репортёр выходит в свет". Как вы относитесь к двойному празднику Пасхи?

15:00 / 19.04.2014
У гэтым годзе вялікае рэлігійнае свята Вялікдзень праваслаўныя і католікі Астравеччыны будуць сустракаць разам, што яшчэ больш аб’яднае вернікаў у адзіную дружную сям’ю. І няхай прадстаўнікоў каталіцызму ў раёне значна больш, чым праваслаўных, але за некалькі апошніх гадоў гэтыя дзве плыні актыўна перамешваліся, і зараз нікога не здзівіць каталіцка-праваслаўнымі сем’ямі. Сёлета праваслаўная і каталіцкая Пасхі супалі, што не можа не радаваць.З якім настроем жыхары Астравецкага раёна рыхтуюцца да Пасхі, што робяць напярэдадні і, увогуле, як адносяцца да гэтага сумеснага свята, і высвятляў карэспандэнт “АП”. Вольга з сынам Паўлам, у дэкрэтным адпачынку:

– У нас дома ўсё да аднаго з галоўных свят у хрысціянстве ўжо падрыхтавана. А тое, што яно сёлета адно на “дваіх”, – яшчэ лепш. Як некалі казаў мой тата: “Не трэба дзяліць Бога. У нас, у Беларусі, шмат розных народаў, а Бог адзін, і няважна, як мы яго называем.” Лічу, што спрэчкі аб рэлігіі і пошукі адрозненняў нас толькі раз’ядноўваюць, а мы павінны адчуваць сябе адзіным народам. Галоўнае не ў тым, на якой мове мы звяртаемся да Усявышняга і ў які храм ходзім, а тое, што мы робім для таго, каб зразумець сэнс веры ў Бога і стаць бліжэй адзін да аднаго.


Марта, Дзіяна, Віялета, вучаніцы Варнянскай школы:


– Мы з нецярпеннем чакаем Вялікадня, бо гэта свята – адно з лепшых! У Варнянах у асноўным жывуць католікі, і на наш погляд вясковыя жыхары больш рэлігійныя, чым гарадскія: пастаянна наведваюць касцёл, выконваюць пасты, ходзяць на споведзь. Хутчэй за ўсё, такім чынам адлюстроўваецца больш памяркоўны вясковы лад жыцця, калі нікуды не трэба спяшацца, а ў горадзе зусім іншы тэмп жыцця і многім проста не застаецца часу на справы рэлігійныя. Старэйшыя людзі да моладзі ў нас ставяцца з увагай і клопатам, а касцёл для нас кожны год арганізоўвае розныя турыстычныя паездкі. Так, мы кожнае лета ездзім на Нарач, былі ў Польшчы. З хатніх спраў па падрыхтоўцы да Пасхі мы ўжо ўсё выканалі – засталося толькі чакаць.


Алена Стаціна, паштальён:


– Я станоўча адношуся да таго факту, што католікі і праваслаўныя змогуць адсвяткаваць Пасху разам. Я хоць і каталічка, але вялікіх адрозненнняў паміж каталіцкім і праваслаўным веравызнаннем не бачу, бо ў мяне, як і ў большасці беларусаў, сябры ёсць і між адных, і між другіх. Святкаваць Пасху, вядома, збіраюся дома, таму амаль усё там ужо давезена да ладу.


Мікалай, прадпрымальнік:


– Да Пасхі мы рыхтаваліся загаддзя: дома парадак наведзены, вербачкі асвечаны, кулічы прыгатаваны, засталося іх толькі асвяціць. На працягу некалькіх тыдняў мы з маімі “хатнімі” пасціліся. Да пытанняў веры адношуся спакойна і лічу, што розніца ёсць, але не трэба яе выпячваць. Так рабіць не трэба, не па-хрысціянску гэта.


Гутарыў Антон ЧЫК.