"Репортёр выходит в свет". Птицы на крыльях весну принесли...

08:37 / 05.04.2014
На пасяўную ўжо выйшлі трактары, хоць ноччу яшчэ бяруцца маразы. Але ў цёплы сонечны дзень з нябёсаў ужо гучыць песня жаўрука. На вуліцах гарадоў і вёсак вітаюць вяртанне вясны шпакі, якія спяваюць, пашчоўкваючы жаўтлявымі дзюбамі, а іх чорнае апярэнне на сонцы пераліваецца фіялетавым, сінім і зялёным бляскам.
У народзе нездарма гаворыцца, што птушкі нясуць нам на крылах вясну. З якімі птушкамі асацыюецца вясна ў астраўчан, вырашыў даведацца журналіст “раёнкі”.

Святлана Узялкова, выхавацель, СШ №1:


– Самыя першыя птушкі, якіх я пракмячаю вясной, – шпакі. Я заўважаю іх невялікія групкі, што рассаджваюцца на яшчэ голых галінах дрэў і кустоў, калі кожны дзень іду на працу або вяртаюся з яе.
Яшчэ ўзгадваецца карціна мастака Аляксея Саўрасава “Гракі прыляцелі”, таму, напэўна, і з гэтымі птушкамі ў мяне асацыюецца вясна.


Сямён Гіль, пенсіянер:


– Я вельмі люблю птушак, але не магу назваць нейкую адну, якая б прыносіла “на хвасце” вясну. Напэўна, гэта жаўрукі і шпакі, бо іх я заўважаю раней за іншых. Аб птушках я заўсёды клапачуся і хвалююся, таму зімой кармушкі для іх раблю, вясной – шпакоўні.


Вольга Палонская, выхавацель, дзіцячы сад №2 (без фота):


– Першымі я заўважаю гракоў. Снег яшчэ толькі пачынае сходзіць з палёў, а яны ўжо важна ходзяць, як самыя адказныя работнікі. І звычайна іх так шмат, што здалёк відаць – вясна ідзе. Я і сама люблю на зямлі працаваць, таму, напэўна, да птушак гэтых з асаблівай любоўю і адношуся.
І з той пары, як я пераехала ў сваю кватэру, па шпаках пачала прыход вясны адчуваць. Ранкам ты яшчэ спіш, а яны ўжо пад вокнамі валтузяцца, спяваюць на розныя галасы.


Яўген Маргуж, студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры:


– Першае, што прыйшло ў галаву, – гэта карціна Саўрасава “Гракі прыляцелі”. Таму, напэўна, у мяне надыход вясны асацыіруецца менавіта з гракамі.
Але я асабліва ў птушках не разбіраюся. Хоць некаторых ведаю добра, бо ў дзяцінстве майстраваў шпакоўні і кармушкі, зімой падкармліваў вераб’ёў, сінічак, снягіроў. Ды і зараз на дачы мы пастаянна ўстанаўліваем шпакоўню.


Вацлаў Бароўка, дзяжурны чыгуначнай станцыі “Гудагай”:


– Пра надыход сапраўднай вясны нагадваюць буслы – самыя што ні ёсць беларускія птушкі. На станцыю, дарэчы, сёлета ўжо прыляцеў адзін. Зараз сядзіць, пер’е прыхарошвае, клякоча, сяброўку чакае. А яшчэ салаўёў люблю – вельмі хораша спяваюць, на розныя лады трэлі выводзяць.
Ну і, вядома, усе ведаюць: прыляцелі шпакі – сустракай вясну. Каля свайго дома ў вёсцы я летась павесіў шпакоўню, але да яе чамусьці дзяцел спачатку прыляцеў, потым варона – ну і раскурочылі яе ўдваіх. Сёлета вось збіраюся, як толькі будзе вольны час, новую змайстраваць.


-----------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК, фота аўтара
.