"Репортёр выходит в свет". Что такое "доброе дело"?

13:00 / 29.03.2014
5
Ці задумваліся вы, як мала трэба, каб зрабіць дабро і выклікаць станоўчыя эмоцыі ў свайго суразмоўцы? Проста прывітацца ці ўсміхнуцца. І не трэба спецыяльна чакаць бабульку, каб перавесці яе праз дарогу, ці пільнаваць каля магазіна жанчыну з цяжкімі сумкамі. Добрыя ўчынкі мы робім проста таму, што нас так выхавалі.
Але ёсць у календары “спецыяльны” дзень для добрых спраў. Хаця, зразумела, што для добрага ўчынку не трэба чакаць гэтага дня.
Наш карэспандэнт вырашыў запытацца ў жыхароў раёна, што такое для іх “добрая справа”?

Анастасія Юркойць, памочнік пракурора:


– На мой погляд, добрая справа – гэта калі ад тваіх учынкаў і паводзін іншаму чалавеку становіцца добра. Хаця тут можна агаварыцца, што трэба яшчэ разумець, якіх менавіта ўчынкаў і хто той чалавек, на якога яны скіраваны. Напрыклад, дапамагчы злодзею схавацца ад міліцыі не ёсць добры ўчынак. Добрыя справы трэба рабіць, сыходзячы з прынцыпаў чалавечнасці і нормаў маралі.
Мая работа прадугледжвае дапамогу людзям, таму я кожны дзень стараюся гэта рабіць і словам, і справай.
А самую галоўную добрую справу ў сваім жыцці я назваць не магу, бо ў маім разуменні добрая справа сапраўды з’яўляецца такой, калі гэта Справа з вялікай літары, а ўсё іншае – гэта ўчынак.


Юрый, будаўнік (без фота):


– Добрыя ўчынкі – гэта ўсе тыя справы, якія накіраваны на людзей і на паляпшэнне іх жыцця, умоў іх існавання. Гэта ўсё тое, што выклікае ў людзей станоўчыя эмоцыі.
Мая работа – лічу, адна з тых прафесій, якая па сваёй сутнасці нясе людзям дабро. Так што я кожны дзень раблю добрыя справы і ў большасцісваёй для невядомых мне людзей.


Дзіна Трэгубава, працуе ў ААТ “ТрэстРасСЭМ”:


– Добры ўчынак – гэта, напрыклад, калі я еду на машыне, за акном ідзе дождж, а на прыпынку мокне незнаёмая жанчына з цяжкімі сумкамі. Я прыпыняюся каля яе і прапаную падвезці за звычайнае чалавечае “дзякуй”. Гэта першае, што прыйшло ў галаву. Хаця, зразумела, што паняцце “добрая справа” значна шырэйшае.
А назваць галоўны добры ўчынак складана, бо кожны асабіста вырашае для сябе, што ў яго разуменні добрая справа. Калі на тое пайшло, то мы кожны дзень робім добрыя ўчынкі, толькі называем іх па-рознаму: добра папрацаваў, дапамог малодшаму брату вывучыць урокі ці маці – прыбраць у хаце… Але гэта таксама і святыя абавязкі кожнага чалавека.


Тамара Петрусевіч, пенсіянер:


– Што такое добрая справа, растлумачыць складана. Не рабіць і нават не думаць аб дрэнным, адносіцца да іншых так, як хочаш, каб адносіліся да цябе, не шукаць “саломіну ў воку чужым”, а пазбаўляцца ад свайго бервяна – вось што такое добрыя справы.
Кожны чалавек робіць дабро па-свойму. Для аднаго – гэта пагаварыць з тым, каму неабходна такая дапамога. Для другога – падтрымаць сябра ці незнаёмага чалавека ў складанай жыццёвай сітуацыі. Для трэцяга – нешта патлумачыць і расказаць, прывесці прыклад для таго, каб засцерагчы…
А наконт галоўнай добрай справы: лічу, што ўсё маё жыццё – добрыя ўчынкі. Наўмысна я ніколі і нікому не рабіла дрэннага і прашу прабачэння, калі гэта было.


Дзмітрый Дамарад, намеснік пракурора:


– Ведаеце, такімі пытаннямі – лёгкімі і адначасова складанымі – вы мяне паставілі ў тупік. Добрая справа ў маім разуменні – гэта любы ўчынак, які прыносіць іншым, нават незнаёмым людзям, станоўчыя эмоцыі. Калі той або іншы ўчынак зроблены ў адпаведнасці з нормамі маралі – то ён правільны.
Вылучаць з усіх маіх учынкаў нейкі адзін, самы галоўны, не бачу сэнсу, таму што любая добрая справа з’яўляецца важнай і галоўнай сама па сабе: перавёў праз дарогу бабулю, прытрымаў за сабой дзверы ў магазіне ці проста некаму ўсміхнуўся. Часам шчырая ўсмешка, якая выклікае ў чалавека добры настрой і ўсмешку ў адказ, дарагога вартая!


------------------------------
Гутарыў Антон ЧЫК.