"Репортёр выходит в свет". Чего вы ожидаете от своих кандидатов в депутаты?

12:00 / 22.03.2014
Заўтра ў нашай краіне адбудуцца выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў. Карэспандэнт “АП” вырашыў даведацца, ці ведаюць выбаршчыкі сваіх кандыдатаў у дэпутаты, чаго ад іх чакаюць і якія б пажаданні яны хацелі ім выказаць. З гэтымі пытанямі ён і звярнуўся да жыхароў Астравеччыны.

Віктар Спірыдон, дырэктар Рымдзюнскай школы з беларускай мовай навучання:
– Сваіх кандыдатаў у дэпутаты ў сельскі і раёны Саветы я ведаю добра – тым больш, што яны – педагогі
сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання і працуюць літаральна побач са мной: Святлана Лукшэне, якая вылучана кандыдатам у дэпутаты раённага Савета, і Дзмітрый Кімса – у сельскі Савет. Яны ў сваіх выбарчых праграмах улічылі той факт, што невялікія сельскія школы займаюць цэнтральнае месца ў маленькіх вёсачках і сёлах, дзе няма сельвыканкамаў. Па вялікім рахунку, школа і педагогі бяруць на сябе асноўныя функцыі гэтых устаноў і з’яўляюцца цэнтральным месцам жыцця такіх населеных пунктаў.
А пажадаць хацелася б кандыдатам – перамогі, а грамадзянам нашай краіны – актыўнасці, бо зараз мы выбіраем не толькі будучыню свайго рэгіёна, але і ўсёй краіны.


Юрый Адула, намеснік старшыні па вытворчасці СВК “Гервяты”:
– Я з’яўляюся намеснікам старшыні ўчастковай выбарчай камісіі, таму можна сказаць што кожны дзень жыву падрыхтоўкай да 23 сакавіка. Сваіх кандыдатаў у дэпутаты, Таццяну Калтан і Ніну Рыбік, я ведаю добра, не раз з імі сустракаўся.
Ніна Рыбік, кандыдат у дэпутаты раённага Савета, добра вядома варнянцам як чалавек неабыякавы, актыўны і ініцыятыўны. Таццяна Калтан – таксама дастойны прэтэндэнт. Яна жыве і працуе ў Варнянах, заўсёды навідавоку ў сваіх аднавяскоўцаў. Я лічу, што яна вартая таго, каб прадстаўляць іх інтарэсы.
Пажадаць жанчынам-дэпутатам хачу поспеху, цярпення, большай цікавасці да сваіх выбаршчыкаў і іх спраў, настойлівага адстойвання правоў грамадзян.


Наталля Волк-Леановіч, начальнік аддзела эканомікі і ўліку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама:
– Я са сваім выбарам вызначылася ўжо даўно. Кандыдатам у дэпутаты раённага Савета на нашым выбарчым участку вылучаны дырэктар Астравецкага лясгаса Рыгор Долгі. Мне ён падабаецца і як чалавек, і як гаспадарлівы кіраўнік. На мой погляд, гэта адзін з лепшых, адказных і кампетэнтных кіраўнікоў. Любая справа, якую ён задумаў, накіравана ў першую чаргу на паляпшэнне эканамічнага стану нашага лясгаса і дабрабыту яго работнікаў.
А пажадаю я яму, вядома ж, поспехаў ва ўсіх справах. Акрамя гэтага – здароўя, здзяйснення планаў, і надалей працаваць для працвітання Астравеччыны і яе жыхароў.


Ганна Уласік, настаўніца пачатковых класаў Альхоўскай сярэдняй школы:
– На гэтых выбарах мяне вылучылі назіральнікам ад грамадскага аб’яднання “Белая Русь”. Раней мне ўжо даводзілася працаваць членам камісіі на выбарах Прэзідэнта, вопыт у мяне ёсць, таму гэтая справа складанасцей не выклікае. Сваіх дэпутатаў я ведаю: гэта Мізула, Волкаў, Багданец. З адным я сустракалася, пра іншых ведаю па іх справах.
А пажадаць будучым выбраннікам хачу поспеху ва ўсіх пачынаннях, здароўя, каб здзейсніць усё задуманае, і каб іх словы не разыходзіліся са справамі.


------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.