"Репортёр выходит в свет". Как часто вам приходится отстаивать свои права?

15:00 / 17.03.2014
Як часта вам даводзіцца ўжываць у сваім жыцці фразы «Я маю права» ці «Гэта маё права»? Не будзем вельмі ўдавацца ў падрабязнасці і вышукваць глыбокі сэнс усіх правоў і абавязкаў, якія мае чалавек, а разгледзім менавіта правы пакупніка перад прадаўцом і правы прадаўца перад пакупніком.
Як часта, па якіх пытаннях і з якімі вынікамі змагаліся за свае правы жыхары райцэнтра? – з гэтым пытаннем карэспандэнт «АП» звярнуўся да прахожых на вуліцах Астраўца.

Міхаіл Данілавіч Жолабаў, пенсіянер з Астраўца:
– Я за сваё жыццё даволі часта сутыкаўся з хамствам з боку прадаўцоў. Ды і зараз час ад часу трапляю на такіх, хто лічыць, што можна лёгка падмануць пенсіянера. Але я ніколі не мірыўся з такім становішчам і дагэтуль змагаюся з такімі работнікамі гандлю. Няхай ведаюць, што і стары чалавек можа за сябе пастаяць. Толькі ведаеце, калі па праўдзе, то не заўсёды і пакупнік правы, не заўсёды і прадавец вінаваты.
Вось, напрыклад, выпадак са мной быў у нашай «Кулінарыі». Купіў я аднойчы булачак з павідлам для ўнука, той адну з'еў і кажа: «Няма тут павідла!» Другую і трэцюю разламалі – няма. Я на наступны дзень туды прыйшоў, узяў булачкі з павідлам – і на касу. Мяне пытаюць: «Булачкі з павідлам?» А я адказваю: «Напісана, што з павідлам, але хто яго ведае? Давай, дачушка, мы іх зараз разам разламаем і, калі яны з павідлам, я без пытанняў іх бяру, а калі не, то, выбачай, але мне такі тавар не патрэбен!» Разгарнулі адну, другую, трэцюю – усе «пустыя». Дзяўчына на касе прабачэння папрасіла і грошы вярнула. Я ж разумею, што касір невінаватая, і папрасіў кнігу водгукаў і прапаноў, хацеў падзяку ёй напісаць. А тут іншыя замітусіліся, кажуць: «А нам яшчэ яе не выдалі». Як гэта? Магазін працуе, а кнігі няма? Прыйшла тэхнолаг і пачала мне паперкі паказваць, колькі і чаго кладуць у тую булачку, тлумачыла, як яе пякуць. А ёй: «Мне вашы гэтыя дакументы нічога не кажуць! Яны для вас напісаны. А мне трэба, каб я разгарнуў булачку, а ў ёй павідла было!»
Так што ў «Кулінарыю» я больш не хаджу!
А вось «Гермес» і «Цэнтральны», асабліва пасля рамонту, мне вельмі падабаюцца: абслугоўваннем, разнастайнасцю тавараў, іх коштам і якасцю. І квіток заўсёды дадуць, пра што, напрыклад, у «Настле», часта, забываюцца. А гэта ж першы дакумент для абароны сваіх правоў!


Надзея, маладая мама ў дэкрэтным адпачынку (без фота):
– Я сама, як прадавец, выступаю ў абарону прадаўцоў, бо не заўсёды ў нас і пакупнікі маюць рацыю. Бывае, што праўда на баку прадаўца, але аб яго правах чамусьці ніхто не ўспамінае. Кліенты пачынаюць крычаць, тупаць нагамі і пагражаць – а ў чым вінаваты прадавец, калі брак па віне вытворцы, а прадукт раскрыў пакупнік ужо дома? Мы ж не маем права раскрываць пачкі, бляшанкі і каробкі з прадуктамі, каб паглядзець, ці ўсё там правільна і прыгожа.
У мяне таксама бывалі выпадкі, калі пакупнікі «наязджалі» на мяне з прэтэнзіямі. Але трэба адзначыць, што звычайна гэта былі «аматары накаціць» – хто-хто, а гэты кантынгент, здаецца, больш за ўсіх «змагаецца» за свае правы і лепш за ўсіх іх ведае.
Сама ж я ні разу не сутыкалася з хамствам прадаўцоў – ведаю, як згладзіць вострыя вуглы.


Уладзімір Магельніцкі, супрацоўнік АСБ «Беларусбанк»:
– Час ад часу здараецца, што ў магазінах парушаюць правы спажыўца. Я малады тата, таму некалькі апошніх гадоў перад тым, як набыць прадукты, вывучаю інфармацыю для пакупніка: краіну – вытворцу, якасць, тэрмін прыгоднасці. На апошнім і «сыплюцца» многія нашы магазіны: часта сустракаюцца тавары з пратэрмінаванымі датамі прыгоднасці. Персанал магазіна звычайна робіць вялікія вочы: «А як гэта сюды трапіла?» Але мы з імі звычайна разыходзімся спакойна: яны прыбіраюць тавар з прылаўка, я купляю «годны» прадукт.
А адзін з маіх любімых магазінаў – «Гастраном на вуглу»: ветлівыя, уважлівыя і абыходлівыя прадаўцы. Заўсёды дапамогуць выбраць добры прадукт і што-небудзь параяць.


Васіль Дудаў, будаўнік:
– Я ў магазінах заўсёды гляджу на тэрмін годнасці прадукту, каб потым не было наступстваў. Калі ж бачу, што нейкі прадукт пратэрмінаваны, то шукаю такі ж, але якасны, а часцей – іду ў іншую краму. Я лічу, што хамства прадаўцоў больш распаўсюджана ў вялікіх гарадах. У Астраўцы я з ім амаль не сутыкаўся. А вось у Мінску – на кожным кроку. Відаць, там людзі лічаць, што раз іх горад вялікі, то шанс яшчэ раз з табой сустрэцца – мізэрны, таму і паводзіны такія.
Для сябе даўно выпрацаваў план адносінаў да падобнага хамства: я проста разварочваюся і сыходжу. І ў гэты магазін стараюся больш не хадзіць.


------------------------------------
Антон ЧЫК, фота аўтара.