"Репортёр выходит в свет". Чем вам запомнилось лето?
Для большасці людзей гэта пара года звязана перш за ўсё з адпачынкам. Вось чаму усе мы: малыя і старыя, мужчыны і жанчыны – з нецярпеннем чакаем лета. Але яно, як і ўсё іншае ў нашым жыцці, праходзіць. Застаюцца толькі ўспаміны.
Чым жа запомнілася мінулае лета нашым землякам, які след яно пакінула? Адказ на гэта пытанне і паспрабаваў знайсці наш карэспандэнт на вуліцах Астраўца.
Аляксандр Іванцэвіч, жыхар г. Шчучына, і яго сястра Ала Іванцэвіч з Астраўца:
Аляксандр: Лета – гэта выдатная пара! Але, на жаль, мне ўвесь летні час прыйшлося працаваць. Толькі на выхадныя ўдавалася парыбачыць, схадзіць у лес па ягады, грыбы. Калі-нікалі сустракаўся з сябрамі.
А вось цяпер на некалькі дзён прыехаў у госці да сястры, каб крыху адпачыць разам, ды і дапамагчы па гаспадарцы.
Ала: Які тут адпачынак, калі ўвесь час трэба прысвячаць дзіцяці. Толькі на выхадныя знаходзіла час, как пабываць на прыродзе.
Праляцела гэта лета вельмі хутка, ды і надвор’е, на мой погляд, было не вельмі добрае.
Ванда Кісель, жыхарка в. Кямелішкі:
– Цудоўная пара – лета! Вельмі добрым быў ураджай гародніны, ягад, фруктаў.
А яшчэ гэта лета мне запомнілася паездкай у Палангу. Хаця, на мой погляд, выдатна адпачыць можна і ў нас. Вельмі прыгожая прырода, рэкі, азёры… А ў лесе – ягады, грыбы. Самае галоўнае, што экалогія ў нашым раёне пакуль што добрая. Што яшчэ трэба чалавеку, каб добра адпачыць!
Валерый Васільевіч Якаўлеў, жыхар в. Гудзянікі:
– Кажуць, што лета было (усміхаецца). Праўда, я яго, можна сказаць, і не заўважыў. Справа ў тым, што жыву я ў нашым раёне, а працую ў Вільнюсе. Шмат часу забірае дарога. Для адпачынку застаюцца толькі выхадныя. Ды і хатнімі справамі трэба займацца. Буду спадзявацца, што ў наступным годзе летні адпачынак будзе і ў мяне.
-----------------
Распытваў Аляксандр ЮШЧУК, фота аўтара.