Репортёр выходит в свет: что островчане говорят о мобильной связи?

15:00 / 16.01.2013
5

Што значыць для вас мабільная сувязь? Ці карыстаецеся вы мабільным тэлефонам і што чакаеце ў будучым ад яго?
З такімі пытаннямі звярнуўся наш карэспандэнт да людзей на вуліцах Астраўца.


Сяргей Суруда, вадзіцель МНС:


– Сувязь – рэч патрэбная, асабліва мабільная. Карыстаюся ёй кожны дзень – і па сваіх уласных справах, і па рабоце. Праўда, іншы раз падумаеш: лепш бы гэтай сувязі і не было.
Чакаю, што з цягам часу якасць мабільнай сувязі палепшыцца. Бо цяпер у многіх месцах яна або вельмі дрэнная або яе зусім няма.


Надзея Чыжэўская, эканаміст раённага спажывецкага таварыства:


– Лічу, што ў наш час без мабільнай сувязі сучаснаму чалавеку проста немагчыма існаваць. Высокія тэхналогіі развіваюцца, ужо цяпер усюды выкарыстоўваюцца камп’ютары. Многія людзі зусім адмаўляюцца ад звычайнага тэлефона і поўнасцю пераходзяць на мабільны.
Якой будзе мабільная сувязь у будучым, сказаць цяжка. Думаю, што зменіцца знешні выгляд тэлефонаў, з’явяцца нейкія новыя функцыі. Пажывём – пабачым.


Яўгенія Кулік, паштальён:


– Без мабільніка не магу абысціся, сёння без яго – як без рук.
Якой будзе сувязь у будучым? Неяк і не задумвалася. Добра, што яна ёсць цяпер.


Таццяна Бараноўская, знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку:


– Зразумела, што я, як сучасны чалавек, мабільным тэлефонам карыстаюся і буду карыстацца. Гэта вельмі зручна, да яго хутка прывыкаеш.
Што чакае мабільную сувязь у будучым? Не ведаю. Няхай будзе так, як ёсць цяпер.


Андрэй Лукашэвіч і Павел Праскін, вучні 11 класа гімназіі № 1:


Андрэй: Мабільная сувязь патрэбна, хаця і без яе можна абысціся. Праўда, жыць будзе крыху цяжэй, таму што давядзецца траціць больш часу, каб вырашыць нейкія простыя жыццёвыя пытанні, напрыклад, дамовіцца аб сустрэчы. Не думаю, што ў будучым у галіне мабільнай сувязі нешта моцна зменіцца.
Павел: Мне цяжка адмовіцца ад мабільнай сувязі. Справа ў тым, што большасць маіх сяброў жывуць у іншых гарадах, і адносіны з імі я падтрымліваю ў асноўным з дапамогай мабільнага тэлефона. Хацелася б, каб у будучым мабільная сувязь стала больш таннай, даступнай і ўніверсальнай.Каб не трэба было падключацца да розных аператараў і сетак.


----------------------------------------
Гутарыў Аляксандр ЮШЧУК.