Репортёр выходит в свет. Конец света отменяется?

12:00 / 15.12.2012

21 снежня 2012 г. Гэта дата ў апошнія дні ва ўсіх на слыху. Менавіта ў гэты дзень можа наступіць канец свету.
Як адносяцца людзі да прадказанняў, ці вераць яны, што канец свету адбудзецца менавіта ў той дзень? Каб высветліць гэта, наш карэспандэнт адправіўся на вуліцы Астраўца.


Генадзь Мілешка, прадавец рыбы з в. Солы:
 –  Я ў гэтыя забабоны не веру. Канец свету абвяшчалі ўжо не адзін раз, але так нічога і не адбылося. Ніхто з людзей ведаць пра  гэта проста не можа.


Надзея Барскаўскене, Ян Баркоўскіс, астраўчане:
– Мы не верым, што канец свету адбудзецца цяпер. Магчыма, калі-небудзь здарацца нейкія падзеі, перамены ў прыродзе, грамадстве. 21 снежня чакаем з цікавасцю, крыху з насцярожанасцю, але без страху. Спадзяёмся, што ўсё ў нашым жыцці будзе добра.
Але мы лічым, што вельмі шмат людзей жывуць не так, як трэба. Гэта датычыцца і ўзаемаадносін у сямейным жыцці, і адносін да навакольнай прыроды. Трэба ўсім моцна задумацца, зрабіць пэўныя вывады. Тады, глядзіш, і канец свету адступіць.


Валерый Янкоўскі, жыхар г. Ашмяны:
– Не будзе ніякага канца свету. Чаму ён павінен наступіць? Наша Беларусь жыве і квітнее. Трэба верыць у лепшае – і ўсё будзе добра.


Аляксандр Андралойць, пенсіянер МУС:
– Катэгарычна не веру. Нехта памыліўся ў разліках і выдаў гэта за ісціну. Ніхто, акрамя Бога, не можа ведаць, калі наступіць канец свету. Але многае залежыць і ад саміх людзей. Мы самі, сваімі паводзінамі і нават думкамі,  можам наблізіць або аддаліць канец свету.
Асабіста я жыву з надзеяй  на светлае і радаснае будучае.


Наташа Усакоўская, Дзіяна Шатраўская, Максім Астрамовіч, вучні 8 «А» класа СШ № 1:
Максім (вельмі сур’ёзна і катэгарычна): Не веру, бо былі дапушчаны памылкі ў календары майя. Яны ўсе месяцы лічылі па 30 дзён, не ведаючы, што ў лютым можа быць 28 ці 29. Таму канец свету ўжо павінен быў наступіць, а мы жывыя і здаровыя.
Наташа і Дзіяна: А мы – верым. Цікава, як гэта ўсё будзе адбывацца? Зразумела, што мы жартуем. Які можа быць канец свету, калі наперадзе вясёлы Новы год і зімовыя канікулы!


------------------------------------------
Гутарыў Аляксандр ЮШЧУК.


 Фота з сайта itogi.ru