А как вы проводите время зимними вечерами?

15:23 / 11.12.2012
3

Прыйшла зіма. Кожны дзень падсыпае свежага снегу, дні становяцца ўсё карацейшымі, а вечары – доўгімі і цёмнымі.
Наш карэспандэнт вырашыў даведацца, чаго чакаюць людзі ад надышоўшай зімы, і чым займаюцца доўгімі зімовымі вечарамі.





Дзмітрый Віктаравіч Бароўскі, ваеннаслужачы пагранічных войск:
– Сёння толькі і чуеш, што хутка настане канец свету. Гэта ўжо надакучыла. На мой погляд трэба неяк прыцягваць да адказнасці тых, хто спекулюе на гэтай тэме, сее паніку ў грамадстве.
Я лічу, што ніякага канца свету не адбудзецца, наадварот – ад надыходзячай зімы чакаю перамен да лепшага. Вельмі хочацца пакатацца на каньках, пахадзіць на лыжах.
Вечарамі, калі дазваляе надвор’е, прагульваюся з сям’ёй па вуліцах горада, гляджу тэлепраграмы, шукаю розную інфармацыю ў “сусветнай павуціне”.

Анатоль Сцяпанавіч Ізотаў, прыватны прадпрымальнік, жыхар п. Гудагай:
– Ад зімы чакаю мяккага, лагоднага надвор’я, без моцных маразоў і снегападаў, бо я – цеплалюбівы чалавек.
Вечары ў мяне насычаныя рознымі справамі. Вельмі люблю чытаць мастацкую літаратуру, розныя часопісы, асабліва свой любімы – “Планета”. Гляджу розныя тэлесерыялы, блукаю ў інтэрнэце. Але большасць часу займаюць двое дзяцей, якія яшчэ вучацца ў школе.

Ілона Атосіна, прадавец магазіна “Вернісаж”:
– Хачу, каб зіма была снежнай і марознай, тады будуць розныя прыгоды. З нецярпеннем чакаю, калі ў Астраўцы зальюць каток. Вельмі люблю катацца на каньках, а пакуль што прыходзіцца ехаць у Маладзечна, каб атрымаць асалоду ад любімага зімовага захаплення.
А вечары занятыя тым, чым, напэўна, і ў большасці людзей: займаюся з дзецьмі, гляджу тэлевізар. Пэўны час адымае і камп’ютар.

Сяргей Сідараў, жыхар в. Падольцы:
– Хочацца, каб быў святочны настрой. Таму чакаю галоўнага зімовага свята – Новага года, калі будзе прыгожая ёлка, падарункі.
Калі за вокнамі непагадзь, то чытаю кнігі, шукаю розную інфармацыю ў інтэрнэце. А ў астатні час гуляю з сябрамі на вуліцы.

Марыя Урбановіч, дворнік ЖКГ:
– Мае жаданні, напэўна, не адпавядаюць жаданням большасці людзей. Бо ад зімы я хачу як мага менш снегу, таму што мая работа – чысціць ад яго тратуары.
Вечар у асноўным прысвячаю свайму пяцігадоваму сыну, а калі ён ідзе спаць – чытаю часопісы. Асабліва падабаюцца розныя жыццёвыя гісторыі. Праглядваю найбольш цікавыя тэлепраграмы, праз інтэрнэт атрымліваю інфармацыю аб падзеях у свеце.

Святлана Крыштопчык, жыхарка п. Гудагай:
– Галоўнае – каб былі здаровыя дзеці, спыніліся нарэшце ўсе гэтыя крызісы. І ў цэлым, хочацца, каб жыццё палепшылася.
Цяпер я знаходжуся ў дэкрэтным адпачынку. Хоць назваць гэта адпачынкам язык не паварочваецца, таму што двое дзяцей адпачываць не даюць. У майго маленькага сына ёсць яшчэ старэйшы брацік. Таму амаль увесь вячэрні час займаюся дзецьмі. А калі выпадае вольная хвіліна, то стараюся звязаць нешта, бо вельмі люблю гэтую справу, ці “завіснуць” у “Аднакласніках”.

Гутарыў Аляксандр ЮШЧУК.