Репортёр выходит в свет: кто поможет инвалиду?

15:42 / 04.12.2012

3 снежня ў нашай краіне адзначаецца Дзень інвалідаў. Лічыцца, што гэтыя людзі заслугоўваюць спачування, але яны не любяць, калі іх шкадуюць. Нашмат важней для большасці з іх – простае разуменне іх праблем. Нават звычайная шчырая размова, якая дае зразумець, што іх помняць, імі цікавяцца, іх разумеюць, дапамагае забыць аб хваробе і адчуць сябе самым звычайным чалавекам.
Наш карэспандэнт вырашыў высветліць у сваіх рэспандэнтаў, наколькі паспяхова людзі-інваліды могуць існаваць у нашым грамадстве? Ці ёсць у іх праблемы і як яны вырашаюцца?


Яўгенія Адольфаўна Буглак, в. Міхалішкі:


– Цяпер шмат пішуць і гавораць, што ў нас створана безбар’ернае асяроддзе. Можа, недзе ў горадзе яно і створана, а ў невялікіх населеных пунктах і гарадках гэтага яшчэ не хапае. Нават у нашай раённай бальніцы. Ёсць ліфт – але я на сваёй інваліднай калясцы заехаць у яго не магу – вось і прыходзіцца іншым людзям несці мяне на другі, а то і на трэці паверх. Яшчэ большыя праблемы ў аддзяленні – без дапамогі санітарак – я ні туды, і ні сюды.
Ды мне яшчэ грэх скардзіцца. У мяне ёсць сям’я – муж, дзеці, якія зрабілі ўсё, каб дома я адчувала сябе добра. А ёсць жа такія сем’і, у якіх інвалідам шлях толькі адзін – на сацыяльны ложак.
Па натуры я чалавек таварыскі, гаваркі – хацелася б мець больш магчымасцей сустракацца з людзьмі, абмяркоўваць з імі надзённыя праблемы, дзяліцца вопытам – гэтага інвалідам таксама не хапае.
Хаця трэба быць аптымістам і спадзявацца на лепшае. Хутка ў нас будзе новы горад, новая бальніца, у якой створаць умовы ў тым ліку і для інвалідаў, а там, трэба спадзявацца, і астатнія ўстановы паклапоцяцца пра нас.


Юрый Субач, в. Трашчаны:

– У любым выпадку людзям з абмежаванымі магчымасцямі жыць цяжка. Дзяржава ім, канешне, дапамагае. Але гэтага мала. Важна, каб было разуменне тых, хто побач – мясцовай улады, урачоў, суседзяў. А калі інвалід сам не звернецца за дапамогай, то пра яго і не ўспомняць. Ды калі і звернешся, то часта і не рады, што папрасіў. Можа, гэта і не так – я здаровы чалавек і знаёмых, родзічаў з інваліднасцю ў мяне няма. Усё залежыць ад характару чалавека, але хацелася б, каб да такіх людзей адносіліся з большым разуменнем. Ім складана, як нікому, яны пазбаўлены тых радасцей жыцця, якімі могуць карыстацца здаровыя людзі.


Наталля Валер’еўна Блахіна, педагог-псіхолаг карэкцыйнага цэнтра:

– Інваліднасць бывае рознай. Зыходзячы з гэтага адным прасцей прыстасавацца ў грамадстве, іншым – цяжэй. У карэкцыйным класе, што працуе пры цэнтры карэкцыйнага развіцця і навучання займаюцца розныя дзеці – цяпер іх апякаюць бацькі і педагогі, але як ім будзе ў дарослым жыцці, не ведае ніхто.
У апошні час у краіне робяць многае для стварэння безбар’ернага асяроддзя – устаноўлены пандусы каля многіх дзяржаўных устаноў, шматкватэрных дамоў. Але пакуль што праблема існуе. Чаму? Мабыць, здаровыя людзі не звяртаюць увагі на тых, хто побач. А людзям, якія пазбаўлены руху, складана. Сама неаднойчы назірала, як цяжка падняцца па пандусе і спусціцца з яго. Таму праблемы ёсць, і важна, каб звычайныя здаровыя людзі пачалі заўважаць людзей-інвалідаў і стараліся дапамагчы ім хаця б добрым словам.


Святлана Макевіч, астраўчанка:

– Мне здаецца, што ў вялікіх гарадах для інвалідаў робіцца шмат, асабліва ў апошнія гады. Устанаўліваюцца пандусы, прыстасоўваюць транспарт – на гэта дзяржава выдзяляе немалыя сродкі. Але самая вялікая праблема – гэта ўладкаванне людзей з рознымі хваробамі на работу. Нават цяпер не ўсе кіраўнікі прадпрыемстваў прыхільна ставяцца да работнікаў-інвалідаў.
Лічу, што самае галоўнае ў такіх выпадках – жаданне людзей дапамагаць адзін аднаму ў складанай сітуацыі. Нават здаровым людзям важна, каб іх падтрымалі і зразумелі. А што гаварыць пра хворых?!


Ірына Ігараўна Стэх, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў:

– Сацыяльныя службы для таго і ствараюцца, каб садзейнічаць бытавой, працоўнай і псіхалагічнай рэабілітацыі інвалідаў. Аддзяленне наведваюць маладыя інваліды. І наша задача – навучыць іх быць самастойнымі, абыходзіцца без старонняй дапамогі. Сёлета мы адкрылі рэабілітацыйную майстэрню па мылаварэнню. Рабяты з задавальненнем займаюцца, робяць тут мыла і выстаўляюць яго на кірмашах, што праводзяцца ў раёне і вобласці. Мы актыўна ўдзельнічаем у валанцёрскім руху, у дабрачынных акцыях, якія праводзяцца разам з валанцёрамі “Чырвонага Крыжа”, і стараемся рабіць усё, каб нашы выхаванцы адчувалі сябе патрэбнымі грамадству. І абавязак кожнага здаровага чалавека – зразумець і дапамагчы гэтым людзям.


Гутарыла Алена ЯРАШЭВІЧ.