Репортёр выходит в свет: мнения островчан об осеннем призыве

16:00 / 27.11.2012

Зараз поўным ходам ідзе прызыўная кампанія. Акрамя тэрміновай службы, шасцёра нашых землякоў будуць прызваны ў рэзерв.
А ўвогуле, якім чынам лепш выконваць свой абавязак перад Радзімай – адразу ці па частках? А можа тым, у каго душа ўвогуле не ляжыць да ваеннай справы, прапанаваць магчымасць альтэрнатыўнай службы? Ці зрабіць абарону Айчыны прафесіяй, а не абавязкам – з гэтымі пытаннямі і звярнуўся да астраўчан журналіст “раёнкі”.



Яніна Іванаўна Новік:

– Я лічу, што абараняць межы нашай краіны абавязаны ўсе юнакі. Я вам так скажу: калі хлопец адслужыць свой тэрмін і вернецца – гэта зусім іншы чалавек, там ён становіцца больш мужным, адным словам – сапраўдным мужыком. Служба ў рэзерве таксама нядрэнная справа. Калі здароўе не дазваляе ісці ў войска на паўтара года, то, можа, падобныя растэрміноўкі патрэбны: у арміі ўсё ж крыху паганяюць – можа, і здароўе ўмацуецца.
Для тых жа, хто хоча альтэрнатыўным спосабам выканаць свой грамадзянскі абавязак, можна было б увесці падобную практыку: некаторым, можа, падабаецца даглядаць хворых, дапамагаць састарэлым у бальніцы.



Людміла Субаткевіч:

– Усе хлопцы абавязаны служыць. Але калі ў прызыўніка ёсць нейкія сур’ёзныя захворванні, то для яго павінна быць альтэрнатыўная служба. Ці, напрыклад, ён атрымлівае адукацыю – тады хлопцу трэба даць магчымасць давучыцца, а ўжо потым забіраць яго ў армію.
Наконт альтэрнатыўнай службы, то мне здаецца, што ў нас яна не прыжывецца. Наша грамадства яшчэ не гатова да подобнага.



Эдуард Блашкевіч:

– Па-мойму, служыць усе павінны. Я, як і ўсе мае аднагодкі, таксама служыў у свой час. І потым два разы трапляў на зборы – мне там спадабалася. І нічога страшэннага там няма – я вось жыву і жыццю радуюся.
Альтэрнатыўную службу лічу глупствам: што гэта такое, калі палова мужчын не будзе ведаць, як трымаць у руках аўтамат?



Іосіф Іосіфавіч Гульбіновіч:

– Я сам служыў і лічу, што служыць абавязаны ўсе! Я ў свой час трапіў спачатку ў вучэбку ў Ленінград, там прабыў шэсць месяцаў, потым мяне закінулі ў Рыгу, а адтуль – за Талін, я там камандзіра часці вазіў – вось так і свет пабачыў.
Наконт кантрактнай службы, як у Польшчы ці Літве, то я быў бы «за». Гэта падобна на вытворчасць: ён і справу сваю будзе ведаць, і за тэхнікай сачыць, разбірацца, што да чаго… А так прызавуць на год-паўтара – можна сказаць, чалавек часовы. А кантрактнік, якому плацяць належачым чынам, будзе з ахвотай займацца гэтай справай.



Рамуальд Трэйгіс:

– Што гэта за мужчына, які не служыў? Але служба ў рэзерве – гэта, па-мойму, не служба. Адносна павышэння прызыўнога ўзросту ў Расіі – лічу, што гэта не вартая справа. Няма чаго там рабіць дарослым трыццацігадовым мужыкам побач з васямнаццацігадовымі юнакамі. Я так лічу, васямнаццаць гадоў для салдата – гэта яшчэ вельмі рана, а трыццаць – ужо позна. Трэба нейкую сярэдзіну выбраць. Мой сын пайшоў служыць пасля ўніверсітэта, дык яму ўжо нецікава было побач з дзецьмі. І сапраўды, калі падумаць: які мужык у 26 гадоў захоча падпарадкоўвацца 18-ці гадоваму, які і жыцця-та яшчэ не бачыў?


---------------------------------------------------------------
Думкі астраўчан пра прызыўную кампанію і службу ў арміі выведваў Антон МАЛЬШЭЎСКІ.