Островчане желают водителям

10:56 / 29.10.2012
У нядзелю ў краіне адзначалася прафесійнае свята – Дзень аўтамабіліста. Яго можна лічыць усенародным, бо цяжка знайсці таго, хто не мае ў радні чалавека без правоў? Чаго жадаюць вадзіцелям нашы рэспандэнты, паспрабаваў высветліць наш карэспандэнт.

Кацярына Іванаўна Емяльян, госця Астраўца:


– Я хачу пажадаць шчаслівай дарогі мужу, тату, братам, а найбольш – малодшаму, які працуе “дальнабойшчыкам”.
А наогул усім вадзіцелям жадаю ні цвіка, ні жэзла – і каб на іх шляху не сустракаліся такія вадзіцелі, як я – бо правы таксама маю і пастаянна нашу іх у сумачцы, але за руль саджуся ў самых крайніх выпадках.


Марк Лаўрыновіч, госць Астраўца:


– Хачу павіншаваць са святам і пажадаць роўнай дарогі без непрыемнасцей свайму тату і астатнім вадзіцелям нашай сям’і, тым, хто дапамагае дабрацца нам з вёскі ў Астравец і іншыя населеныя пункты, а таксама ўсім вадзіцелям аўтапарка, дзе я праходжу практыку – і абавязкова сабе пасля таго, як атрымаю вадзіцельскія катэгорыі “A”, “B”, “C”.


Генадзій Бубнэль, госць Астраўца:


– Я жадаю прыемнай і шчаслівай дарогі ўсім вадзіцелям МНС, усім тым, хто водзіць аўтамабіль. А асабліва мне хочацца пажадаць нашым цудоўным жанчынам быць цудоўнымі яшчэ і на дарозе. Хоць ёсць такія, што могуць даць “фору” ў ваджэнні аўтамабіля любому мужчыне.


Яўген Бразевіч, вучань 6 “Б” класа сярэдняй школы №1 г. Астравец:

– Я хачу пажадаць шчаслівай дарогі тату, маме маёй сяброўкі Веранікі, а асабліва дзеду, які працуе на аўтобусе і возіць рабочых на пляцоўку будаваць АЭС.
Я таксама некалі стану вадзіцелем і куплю сабе чырвоную “Ферары”!


Ванда Паўлаўна Хевук, жыхарка Астраўца


– Усім вадзіцелям Астравецкай раённай бальніцы, дзе я некалі працавала, а таксама ўсім тым, хто сеў за руль і выехаў на трасу, жадаю ўвагі, асцярожнасці, не рызыкаваць без неабходнасці і наогул – памятаць пра тое, што ад іх залежыць не толькі іх уласнае жыццё, але і жыццё іншых людзей.


------------------------------
Андрэй ПАМЕЦЬКА.


Фота з сайта vkontakte.ru