Где мечтают побывать островчане?
Ці ёсць на свеце людзі, якія не любяць падарожнічаць, наведваць новыя мясціны і, якіх наогул нічога не цікавіць? Цікава, ці знойдзецца такі хоць адзін?
Наш карэспандэнт паспрабаваў высветліць у сваіх рэспандэнтаў, дзе яны хацелі б пабываць, і чаму?
Яўгеній Іванавіч Лукша, госць г. Астравец:
– У небе… У вялікім самалёце – на малых, тыпу “кукурузніка”, некалі лятаў. Але мне хацелася б паглядзець на свет з большай вышыні – цікава вельмі. Хацелася б паплаваць па моры на вялікім цеплаходзе – заплыць так далёка, каб берага не відалася, і не ведаў, дзе знаходзішся.
А больш за ўсё хачу пабываць у Арабскіх Эміратах і параўнаць іх жыццёвы ўзровень з нашым.
Андрэй Іржыгітаў, вучань 5 “Б” класа гімназіі №1 г. Астравец:
– Я вельмі люблю падарожнічаць. Быў ужо ў Польшчы ў гарах, у Вільнюсе – там мне спадабалася, і грошы літоўскія такія цікавыя. Вельмі хацеў бы з’ездзіць у Расію да бабулі і дзядулі, я там яшчэ не быў і вельмі спадзяюся сустрэцца з імі. І на Украіну хачу з’ездзіць – там жывуць родзічы майго таты. Праўда, усяго за раз не ахопіш, але надзею маю.
Ядвіга Бейнарэне, госця Астраўца:
– У першую чаргу я хацела б з’ездзіць (калі б мела матэрыяльныя магчымасці) у Францыю. Парыж, Елісейскія палі, Эйфелева вежа… А пасля – у Рым. Я нідзе не была і вельмі хацела б паглядзець, як жывуць людзі за мяжой. Мне падабаюцца розныя экзатычныя расліны і жывёлы, а па тэлевізары на іх глядзець – зусім не тое.
Майя Іканопала, жыхарка Астраўца:
– Ну, вядома ж у Парыжы, горадзе кантрастаў і розных славутасцей! Яшчэ хацела б пакупацца ў розных морах, ды і проста на іх паглядзець.
А наогул я хацела б пабываць там, дзе можна паглядзець на тое, чаго няма ў нас! Нават на Камчатку з’ездзіла б, каб з’явілася магчымасць – ну і што, што далёка!
Она Пранаўна Лукша, жыхарка Астраўца:
– Ды ўсюды, дзе не была! Я, хоць нарадзілася і жыла ў Літве, але ездзіць туды магу бясконца – мне там падабаецца. Была я ўжо на Украіне, на Паўночным Каўказе, у Гродне – усюды хораша, цікава, усюды многа добрых людзей. Ну, а куды паехаць цяпер – як карта ляжа, як “капейка” і здароўе дазволяць…
----------------------------------------------
Гутарыў Андрэй ПАМЕЦЬКА.
Фота з сайта destinosdeviagem.com