Островчане поздравляют учителей

13:24 / 08.10.2012

У першую нядзелю кастрычніка адзначаецца Дзень настаўніка. З нагоды свята наш карэспандэнт выбарча правёў апытанне сярод грамадзян, каго яны хацелі б павіншаваць з Днём настаўніка.


Леанід Уладзіміравіч Батура, астраўчанін, педагог:


– Дзень настаўніка – гэта свята шырокай грамадскасці. У першую чаргу, педагогаў цяперашніх і былых, а таксама ўсіх, хто вучыўся ў школе. Сучасны педагог – гэта чалавек, які ідзе ў нагу з часам, чула рэагуе на змены ў грамадскім жыцці і навуковай сферы, знаходзіцца ў пастаянным пошуку. Праца настаўніка вельмі складаная і патрабуе высокага фізічнага і эмацыянальнага напружання. Але ўзнагародай за ўсе старанні з’яўляецца радасць, якую педагог атрымлівае, калі бачыць поспехі сваіх вучняў. Ад душы жадаю ўсім педагогам нашага раёна здароўя, шчасця, поспехаў, творчых ідэй і іх ажыццяўлення. Няхай вучні радуюць вас сваімі перамогамі і новымі дасягненнямі.


Ганна Леанідаўна Пратасевіч, настаўніца гімназіі №1:


– Да нядаўняга часу я жыла ў г. Чэрвень. Выпадкова пазнаёмілася з новым праектам горада Астравец, які мяне вельмі зацікавіў. Вырашыла прыехаць сюды, каб быць у цэнтры гэтых важных падзей. Працаваць уладкавалася ў гімназію №1 настаўніцай фізікі і інжынерам-праграмістам. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць з Днём настаўніка ўвесь педагагічны калектыў гімназіі №1, а таксама сваіх былых калег па працы г. Чэрвень і пажадаць усім моцнага здароўя, душэўнага спакою, асабістага шчасця і сямейнага цяпла.


Георгій Васільевіч Шасцірэкаў, дырэктар культурнага цэнтра “Амрыта” г. Смаргонь:


– У нас завязаліся цесныя зносіны з педагагічным калектывам Астравецкай гімназіі №1 у сферы маральнага выхавання і культурнай адукаванасці маладога пакалення. Мы прывозім і размяшчаем у школе выставы беларускіх і сусветна вядомых мастакоў. Самі праводзілі экскурсіі. Гэта вельмі актуальна яшчэ і таму, што цяпер у школьнай праграме адсутнічае такі прадмет, як сусветная мастацкая культура. Мы падрыхтавалі новую выставу фотаздымкаў украінскага скульптара і педагога Аляксея Лявонава, якая прысвечана Дню настаўніка. Хачу павіншаваць увесь калектыў гімназіі №1 са святам і пажадаць вялікіх поспехаў у працы па выхаванні новага пакалення.


Ганна Нікіцічна Ігнатовіч, ветэран педагагічнай працы, мае 90 гадоў:


– Сотні чалавек маюць дачыненне да прафесійнага свята педагогаў, і ў тым ліку ветэраны педагагічнай працы, аб якіх іншы раз незаслужана забываюць. Школа заўсёды была галоўным маральным і інтэлектуальным фундаментам любога грамадства, менавіта ад яе залежыць будучыня маладога пакалення. Мяняецца час, людзі, але застаюцца нязменныя каштоўнасці – павага да старасці і любоў да свайго краю. Я 45 гадоў аддала рабоце ў школе. Старалася працаваць творча, вучыла дзяцей і маладых педагогаў быць цярплівымі і настойлівымі, эфектыўна весці справы, перспектыўна мысліць і прымаць адназначныя рашэнні. Аб сваіх вучнях і іх сем”ях ведала практычна ўсё, што і дапамагала знаходзіць з імі паразуменне. Хачу пажадаць маладым педагогам, каб яны атрымлівалі задавальненне ад сваёй працы, гартавалі духоўную моц грамадства, былі на пярэднім краі сучаснага жыцця, а іх вучні часцей радавалі і прыемна здзіўлялі.


Ганна Дземяшкевіч, сямікласніца:


– У першую чаргу я хачу павіншаваць сваю маму, Наталлю Мар”янаўну, педагога-дэфектолага СШ №1, а таксама маю першую настаўніцу Тарэсу Уладзіславаўну Ластоўскую з Днём настаўніка і пажадаць ім поспехаў у працы, моцнага здароўя, цярпення, цікавай і плённай працы, шчаслівага жыцця.


----------------------------------- Гутарыў Іван ПЕТРЫК.