Репортёр выходит в свет: как у островчан проходили сборы детей в школу

09:55 / 03.09.2012

У школьнікаў пачаўся новы навучальны год. Перад 1 верасня бацькі з дзецьмі наведвалі кірмаш і астравецкія крамы ў пошуках новага адзення і неабходных школьных прылад.
Наш карэспандэнт пацікавіўся ў наведвальнікаў, як праходзілі зборы ў школу і колькі гэта каштавала для сямейнага бюджэту.


Марына Аляксандраўна Дземенкавец і дачка Алена, жыхары в. Падольцы:

– У гэтым годзе мая Алена пойдзе ў першы клас. Нядаўна я забрала яе ад бабулі з Гродзяў і мы прайшліся па астравецкіх магазінах. Купілі спартыўны касцюм, тапачкі і неабходныя канцылярскія прылады. Яшчэ трэба сёе-тое прыкупіць. Спадзяюся, што ў мільён рублёў мы ўложымся.


Павел Казак, дзевяцікласнік Варнянскай СШ:


– Знайсці ўсё неабходнае для школы зараз нескладана. Напрыклад, ва ўнівермагу нам з мамай падабралі ўсё, што патрэбна – ад школьнай формы да канцтавараў. Падручнікаў купляць цяпер не трэба, іх спіс кожны год мяняецца, і таму прасцей заплаціць за карыстанне, чым набываць свае. Па нашых падліках, мая падрыхтоўка да школы абыдзецца каля двух мільёнаў рублёў.


Андрэй Слядзевіч, вучань 9 класа Кямелішкаўскай СШ:


– Нам пашанцавала: прыехалі з мамай і татам у Астравец – і адразу набылі неабходныя школьныя наборы і для мяне, і для малодшых братоў: васьмікласніка Дзімы і пяцікласніка Віктара.
У якую суму гэта ўсё абышлося я ў бацькоў не пытаўся, але, думаю, што некалькі мільёнаў ім давялося заплаціць, нягледзячы на тое, што шматдзетныя сем’і карыстаюцца 15-працэнтнай скідкай пры пакупцы канцтавараў у магазінах спажывецкай кааперацыі.


Алена Лукойць, васьмікласніца Трокеніцкай базавай школы:


– Школьную форму і спартыўную, туфлі, кеды, ранец, канцылярскія прылады мне купілі ў Варнянах у прадпрымальніка. Цэны ў параўнанні з леташнімі выраслі ўдвая. Бацькам давялося набываць самае таннае, каб сэканоміць.


Ілья Мажэйка, пяцікласнік з СШ №1:


– Пачынаць вучобу я гатоў хоць сёння. Ужо няма чаго рабіць на канікулах. У школе шмат цікавей, там чакаюць сябры, з якімі можна падзяліцца летнімі навінамі. У гэтым годзе ў нас кожны прадмет будуць весці ўжо новыя настаўнікі.
Усё неабходнае для заняткаў мы з мамай набылі зараней.


Аляксандр Філіповіч, вучань СШ№1:


– У гэтым годзе цэны на канцтавары ў магазінах і на кірмашах спажывецкага таварыства зніжаны на 10 працэнтаў у перыяд з 15 ліпеня да 10 верасня. Мы з мамай гэта выкарысталі пры пакупцы школьных тавараў. Школьны касцюм у мяне ёсць, купляць не давялося. Засталося набыць нейкія дробязі, але гэта можна зрабіць і ў час вучобы.


-------------------------------------
Гутарыў Іван ПЕТРЫК.