Репортёр выходит в свет: где любят и где будут отдыхать наши земляки?

22:10 / 01.08.2012
1

Лета – час адпачынку. А адпачынак у многіх асацыіруецца з вандроўкамі і падарожжамі – па родным краі, па Беларусі ці нават па замежжы, блізкім ці далёкім.



Як любяць адпачываць нашы землякі і ці часта дзеля гэтага яны выбіраюцца ў падарожжа, цікавіўся ў сустрэчных рэпарцёр.


Святлана Пятроўна Бацюлева, жыхарка Астраўца:

–Я заўсёды з задавальненнем гляджу па тэлевізары “Клуб тэлепадарожжаў”, “Падарожжы дылетанта” – так бы мовіць, падарожнічаю віртуальна. А не так даўно мне ўдалося пабываць у Баранях у музеі К. Сваяка і больш падрабязна пазнаёміцца з біяграфіяй нашага знакамітага земляка. Увогуле мне падабаюцца тыя падарожжы, якія звязаны з гісторыяй і культурай краіны.

Мне на ўсё жыццё запомнілася двухдзённая паездка ў Абхазію – гэта райскі куточак на зямлі. Мы наведалі Афонскі манастыр, спусціліся ў пячоры на тысячу метраў, дзе захапляліся вялізнымі сталактытамі і сталагмітамі, а таксама падземнымі азёрамі, у якіх вада чыстая як горны крышталь. Няма слоў, каб апісаць багатыя ўражанні, атрыманыя ад гэтага краю.

Яшчэ свежыя ўспаміны ад паездкі ў Гагры, у Піцунду, на дачу Сталіна. А мару я пабываць у Афрыцы на сафары і ў княжастве Манака.



Святлана Іосіфаўна Крыштопчык, у водпуску па доглядзе дзіцяці

–Я адношуся да тых аматараў падарожжаў, хто аддае перавагу вандроўкам па  родных мясцінах. Мне важна, каб была  магчымасць адпачываць ля вадаёма і пры лесе. Пры першай магчымасці мы ўсёй сям’ёй выязджаем на прыроду. Хоць ёсць у мяне запаветная мара – паехаць на адпачынак у Турцыю, каб там адзначыць сваё 30-годдзе.



Ірына Гудойць, бухгалтар магазіна “Джынс”:

–Мяне вабяць цікавыя паездкі па роднай Беларусі, якія дазваляюць больш глыбока і грунтоўна пазнаёміцца з гісторыяй краіны. На Астравеччыне таксама  хапае маляўнічых мясцін. Галоўным “хітом” для турыстаў цяпер з’яўляецца будоўля атамнай станцыі, не кажучы аб прыгажосцях кшталту касцёла ў Гервятах, Варнянскай вежы-альтанкі і іншых архітэктурных помніках.

Люблю я вандраваць і па свеце. У мінулым годзе мы ўсёй сям’ёй адпачывалі ў Крыме. Да гэтага пабывалі ў Адэсе, з’ездзілі ў Прыбалтыку. Мару наведаць цудоўныя мясціны ў Чэхіі, пра якія чула шмат цікавых расповедаў.

Мар’ян Зыгмундавіч Камчыцкі, жыхар в. Быстрыца:

–Дзякую, што мяне аб гэтым запыталіся. Я люблю размаўляць пра летнія вандроўкі з таленавітымі людзьмі і перакананы, што няма лепшай краіны, чым Беларусь.

Я – рыбалоў-аматар. Маё жыццё цалкам звязана з Віліяй. Беларускія азёры, рэкі характарызуюць тапаграфічны стан краю і сведчаць аб яго эканамічным стане. Бо там, дзе многа вады, шмат рыбы, лугоў, прырода спрыяльная для адпачынку.

Пры першай магчымасці, я адпраўляюся вандраваць па Беларусі. Шмат разоў  быў у Полацку, Оршы. Нядаўна вярнуўся з Гродна. Горад вельмі багаты на гістарычныя помнікі. Напрыклад, у адной з вежаў касцёла знаходзіцца гадзіннік ХVI стагоддзя. Некалі майстар Мілінкевіч займаўся яго рэстаўрацыяй і лічыць гэты рарытэт самым старэйшым у Еўропе.

А ўвогуле я мару пабываць у краінах, дзе ніколі не бывае зімы, каб пазнаёміцца бліжэй з укладам жыцця тых народаў.



Павел Кяжун, Ксенія Масейка, Дар’я Багдановіч, Вольга Калтан і Вольга Вярбовіч, вучні Варнянскай СШ:

–Якраз сёння мы адзначаем дзень нараджэння сваёй сяброўкі Вольгі Вярбовіч, якая толькі што вярнулася з паездкі ў Палангу і прывезла шмат станоўчых уражанняў.

А ўвогуле наша сціплая каманда  ў захапленні ад незвычайных вандровак па Беларусі. Мы пабывалі ў Брэсце і ў Мінску, адпачывалі на Нарачы, лавілі рыбу ў Свірскім возеры. Так што ўражанняў у нас шмат.

На днях збіраемся паехаць на Сарачанскія азёры. А там, магчыма, і яшчэ што-небудзь прыдумаем…
Гутарыў Іван ПЕТРЫК.