Репортёр выходит в свет: спасибо, доктор!

16:17 / 16.06.2012
1

Сярод мноства прафесій – прафесія ўрача з’яўляецца адной з самых высакародных. Людзі ў белых халатах днём і ноччу прыходзяць на дапамогу хворым у самыя цяжкія моманты.
Аб сваёй сардэчнай удзячнасці медыцынскім работнікам сведчаць шчырыя водгукі нашых рэспандэнтаў.


Таццяна Антонаўна Наймовіч, у дэкрэтным водпуску:
– Лячыць людзей, ратаваць іх жыццё ў час няшчасных здарэнняў – што можа быць больш важным і гуманным.
У майго старэйшага сына Данілы хранічны бранхіт, і нам часта даводзіцца звяртацца за дапамогай да ўрача-педыятра М.К. Іваніцкай, якая  заўсёды вельмі ўважліва выслухае, паставіць дыягназ, назначыць патрэбнае лячэнне. У яе залатыя рукі і добрае сэрца. Мы выказваем ёй вялікую ўдзячнасць і віншуем з прафесійным святам.


Леанід Уладзіміравіч Сяржанаў, інвалід ІІ групы:
– Віншую ўсіх медыцынскіх работнікаў з прафесійным святам, жадаю ім хранічнага здароўя, прагрэсіруючага шчасця, рэцыдыўнага поспеху,  гіпертанічнай зарплаты, цяжарнага кашалька і ісці па жыцці без пагрозы выкідыша.
Нізкі паклон у гэты дзень майму ўчастковаму ўрачу Г.А. Жукоўскай за яе чуласць і спагаду, за адказнасць і добрасумленнасць, за абаяльнасць і элегантнасць.


Ядвіга Адамаўна Петрык, на пенсіі:
– Нядаўна ў Гродне мне зрабілі  складаную аперацыю – мянялі тазабедраны сустаў. Цяпер знаходжуся пад пастаянным назіраннем участковага ўрача Г.А. Жукоўскай, якая ўсімі сіламі стараецца падтрымліваць маё здароўе. Шчырае ёй дзякуй за  вялікае сэрца, светлую галаву і добрыя рукі!


Вераніка Пятровіч, дзевяцікласніца гімназіі №1:
– Хачу павіншаваць з прафесійным святам сваю маму Любоў Паўлаўну, якая працуе старшай  медыцынскай сястрой у рэанімацыйным аддзяленні. Дзякуй ёй за тое, што і справай, і добрай парадай дапамагае мне весці здаровы лад жыцця.


Іван Іосіфавіч Мацкевіч, астраўчанін:
– Зараз я знаходжуся на лячэнні з хваробай пазваночніка. Дзякуючы добразычлівым і чулым адносінам урача-неўрапатолага Л.Г. Шлыковіч, адчуваю сябе шмат лепей.


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.