Планами на лето у островчан интересовался корреспондент "Астравецкай праўды"

09:41 / 12.06.2012

У летнія сонечныя дні нас звычайна суправаджае добры настрой. А яркая зеляніна за вокнамі прабуджае думкі аб доўгачаканым водпуску і спланаваным адпачынку.
Сваімі планамі на летні адпачынак дзяліліся з нашым карэспандэнтам астраўчане.


Рэгіна Іванаўна Юркойць, бухгалтар аўтапарка №4:
– У Беларусі вельмі прыгожыя мясціны і можна добра адпачыць, не выязджаючы з краіны.
У чэрвені я збіралася на экскурсію ў Полацк, каб наведаць сабор Ефрасінні Полацкай, пазнаёміцца з храмамі і музеямі.
У канцы месяца з групай паломнікаў  наведаю Жыровіцкі манастыр, хачу пабываць у Тракелях ля цудоўнага абраза Маці Божай Тракельскай.
А яшчэ ў планах – прыняць удзел у фэсце ў Будславе, пакланіцца абразу Маці  Божай Будслаўскай, і ў Гудагаі на свяце Маці Божай Шкаплернай, абраз якой каранавалі залатымі Папскімі каронамі некалькі гадоў таму назад.


Андрэй  Уладзіміравіч Бернюкевіч, жыхар вёскі Белая Вада:
– Я працую будаўніком. У нас свой дом, прысядзібны ўчастак. З 22 чэрвеня  я пайду ў водпуск і буду “адпачываць” на агародзе. Летам люблю хадзіць у лес па грыбы і ягады, вудзіць рыбу, гуляць з сябрамі ў футбол і валейбол. Цікавы занятак заўсёды можна знайсці – была бы ахвота.


Злата Вацлаваўна Мінкевіч, маладая маці:
–У нашай сям’і трое дзяцей: Насця закончыла 1 клас СШ №1, Валерыі ідзе трэці гадок, а Варвара нядаўна  адзначыла свой першы дзень нараджэння. Увесь свой час я займаюся выхаваннем дзяцей. І лета я буду праводзіць разам з імі.
Я лічу, што летам можна знайсці мноства спосабаў цікава і весела правесці час, не ад’язджаючы далёка ад дому і не губляючы каштоўныя дні свайго адпачынку – дача, лес, рыбалка, катанне на лодцы на ГЭС…


Анжаліка Мацкевіч, выпускніца гімназіі №1 (без фота):
– У школьнікаў у час летніх канікулаў шмат вольнага часу. Але толькі не выпускнікоў. Сёння я здала апошні экзамен. Атрымала “дзявяткі” па ўсіх трох экзаменах: хіміі, рускай мове і матэматыцы. Але расслабляцца не выпадае, трэба рыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт.


Ірына Антонаўна Лях, дырэктар гімназіі №1:
– У летні перыяд многія дзеці будуць знаходзіцца ў прышкольных аздараўленчых лагерах. Прадугледжаны і працоўныя заняткі падлеткаў – вучні змогуць папрацаваць і падзарабіць у рамонтных брыгадах. Да таго ж, нягледзячы на водпуск, у дырэктара школы шмат клопатаў па падрыхтоўцы гімназіі да новага навучальнага года. Але я спадзяюся хоць бы дзясятак дзён удасца прысвяціць адпачынку з сям’ёй. Мы любім падарожнічаць па маляўнічых куточках Астравеччыны і Беларусі, захапляемся рыбалкай, любім збіраць у лесе грыбы і ягады, адпачываць на Сарачанскіх азёрах.


Сяргей Шлыковіч, дзевяцікласнік СШ №1:
– Пасля здачы экзаменаў па матэматыцы, гісторыі Беларусі, рускай і беларускай мовах я паеду на зборы МНС у Гродна.
Лета найбольш спрыяльны час не толькі для адпачынку і аздараўлення, але і для таго, каб зарабіць грошы на свае патрэбы. Пагэтаму я буду дапамагаць дарослым у іх справах. А ў ліпені мы ўсёй сям’ёй  збіраемся паехаць на два тыдні адпачыць на Балтыку.


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.