Ці выгадна браць крэдыт высвятляў рэпарцёр у астраўчан

15:52 / 17.04.2012

У сучасным жыцці крэдытамі карыстаюцца практычна ўсе, пачынаючы ад студэнтаў і заканчваючы пенсіянерамі. Людзям грошы неабходны на розныя патрэбы: на вучобу, для развіцця бізнесу, на будаўніцтва жылля, набыццё аўтамабіля, мэблі і іншых тавараў паўсядзённага ўжытку.
Свой погляд на тое, ці выгадна браць крэдыт, выказалі мае суразмоўцы.


Андрэй Рамуальдавіч Трэйгіс, спецыяліст па крэдытаванні фізічных асоб ААТ “Белаграпрамбанка” :
– Усё большую папулярнасць сярод насельніцтва набываюць банкаўскія крэдытныя картачкі. Напрыклад, для пенсіянераў плюсам з’яўляецца тое, што не трэба стаяць у чарзе, каб атрымаць грошы. Таксама па картачцы можна аплаціць медыцынскія паслугі, імі зручна расплачвацца ў магазіне. Да перавагі выкарыстання крэдытак можна аднесці і магчымасць аплаты ў інтэрнэт-магазінах. А выплачваць запазычанасць па крэдытнай картачцы кліент можа мінімальнымі сумамі. Гэты плацежны дакумент выгадны для фізічных асоб, якія падабралі сабе прымальныя ўмовы крэдытавання.

Эдзіта Эдуардаўна Скаржынская, жыхарка в. Варона:
– Для чалавека з невысокім, але стабільным даходам, крэдыт – рэч карысная. Гэта пазбаўляе ад многіх праблем, звязаных з накапленнем грашовых сродкаў, а таксама доўгага чакання, каб сабраць грошы на патрэбную пакупку.
Нядаўна я ўзяла ў крэдыт халадзільнік з растэрміноўкай выплаты на год. Цяпер штомесяц плачу па 250 тысяч рублёў – па вялікаму рахунку, гэта не пагражае сямейнаму бюджэту, а халадзільнікам ужо карыстаюся. Адразу заплаціць 4 мільёны рублёў мне было б не пад сілу.

Марыя Уладзіславаўна Навіцкая, астраўчанка:
– Сярод насельніцтва асабліва папулярным з’яўляецца крэдыт на спажывецкія патрэбы. Што ні кажы, а прасцей чалавеку заплаціць у выніку большую суму, але атрымаць тавар адразу, чым доўгі час ва ўсім сабе адмаўляць. Сабраць патрэбную суму грошай не ў кожнага атрымліваецца. Часта бывае так, што сэканомленыя сродкі ідуць зусім на іншыя патрэбы, чым планавалася.
Я, напрыклад, узяла два крэдыты – на вучобу сына-студэнта і на пакупку тэлевізара. Кожны месяц выплачваю адпаведную суму і плюс 24 працэнты.


Галіна Зянонаўна Аляхновіч, жыхарка в. Малі:
– Я сёння завітала ў банк, каб даведацца аб умовах, на якіх змагу ўзяць крэдыт сабе на аперацыю. Справа ў тым, што ў мяне катаракта вачэй. Правае вока бачыць толькі на 45 працэнтаў, а левае і таго менш – 25 працэнтаў. Мне трэба ехаць у Гродна на аперацыю, патрэбны грошы – і без крэдыту ніяк не абысціся.

Вольга Юр’еўна Даўляш, у адпачынку па доглядзе за сынам Арцёмам:
– Самы “доўгі” крэдыт на будаўніцтва жылля пад 3 працэнты на 40 гадоў нам, як маладой сям’і, банк выдаў у 2006 годзе. Зараз мы радуемся, што не ўпусцілі гэтай шчаслівай магчымасці. Цяпер штомесяц выплачваем каля ста тысяч рублёў, і гэта практычна не адбіваецца на сямейным бюджэце.
Мяркуючы па ўсім, доўгатэрміновае льготнае крэдытаванне для маладых сем’яў застаецца адзіным сродкам, каб вырашыць жыллёвую праблему.
Калі вашы даходы не вельмі высокія, можна звяртацца ў тыя банкі, дзе прымаюць да ўвагі агульны сямейны даход (і сярэдні даход на члена сям’і). Тады зарплата мужа ці жонкі можа аказацца неблагой дапамогай у вырашэнні праблемы.


Гутарыў Іван Петрык.