Рэпарцёр выходзіць у свет: чым зіма запомнілася астраўчанам

15:43 / 17.03.2012

У пачатку сёлетняй зімы выказваліся самыя палярныя прагнозы аб тым, якой яна будзе: адны казалі, што чакаецца самая лютая зіма за апошняе тысячагоддзе, другія – што гэтай зімой мы нават не пабачым снегу. Прагнозы не спраўдзіліся: да Новага года зімы не было, але затым пабачылі мы і маразы, і снегапады. Але, якая б яна ні была, зіма скончылася. Успамінаючы яе, наш карэспандэнт пацікавіўся ў сустрэчных на вуліцах Астраўца, чым ім запомнілася зіма, з якой мы ўжо развіталіся.


Інэса Чаславаўна Багдановіч, жыхарка в. Варона:

– Ды нармальная была зіма! Ёй парадаваліся і дарослыя, і дзеці. Такія спрыяльныя зімы ўвогуле выпадаюць рэдка. Гэтай зімой мы ўсёй сям’ёй ездзілі ў Мінск у тэатр музычнай камедыі на спектакль “Сільвія”, які ўсім вельмі спадабаўся. У фінале зал апладзіраваў артыстам стоячы.
А мая сяброўка Марыя ўпершыню за 40 гадоў стала на канькі і атрымала вялікае задавальненне. Цяпер яна нават шкадуе, што зіма так хутка скончылася.

Таццяна Бернюкевіч, астраўчанка:


– У самыя маразы, калі на вуліцы гуляла мяцеліца, мы з дачушкай Софушкай сядзелі дома. Але як толькі пацяплела, выходзілі з каляскай на прагулку.
У Дзень закаханых ездзілі ў Смаргонь да маёй сяброўкі Валянціны, у якой нядаўна нарадзіліся двайняткі-сыночкі. Таксама гасцілі ў сваёй бабулі Ганны Віктараўны.

Ніна Лявонцьеўна Апалонік, настаўніца англійскай мовы Гервяцкай СШ:


– Люты пераменлівым надвор’ем завяршыў сёлетнюю зіму і на развітанне падарыў нам надзею на цёплую, сонечную вясну. Дарэчы, гэтай зімою я, здаецца, сапраўды паверыла ў цуды Дзеда Мароза. Мяркуйце самі: менавіта перад навагоднім святам выпаў снег і наступіла сапраўдная зіма. А ўжо праз дзень снег зноў знік.

Таццяна Кандратовіч, прадавец магазіна “Цэнтральны”:


– Гэтая зіма запомнілася мне цэлым каскадам прыгожых свят. У нашай сям’і ёсць і католікі, і праваслаўныя. Пагэтаму мы разам адзначаем каталіцкія Каляды і праваслаўнае Ражаство, Новы год і Стары новы год. Акрамя гэтага ў дачкі 3 студзеня дзень нараджэння, затым Таццянін дзень, 25 студзеня, мае імяніны і Дзень Святога Валянціна. Віншаванняў і падарункаў было мноства. Можна смела сказаць, што зіма для нас – вясёлы час.

Валерый Радчык, пяцікласнік гімназіі №1:


– Зіму я люблю за тое, што ў нас ёсць шанц уволю пакатацца на лыжах і каньках. Сёлетняя запомнілася тым, што я атрымаў ажно пяць пахвальных грамат за ўдзел у адкрытым першынстве Астравецкай ДзЮСШ па лёгкай атлетыцы, якое адбылося ў лютым. Мне ўдалося прабегчы 30 метраў за 4,56 сек., 300 метраў за 58,3 сек., падцягнуцца на турніку 12 разоў і зрабіць скачок з месца на 2,02 метра. Мой трэнер І.Д. Гануліч сказаў, што гэта былі лепшыя вынікі сярод юнакоў майго ўзросту.

Рома Мальдзіс, вучань СШ №1:


– Гэтай зімой я ўпершыню пабываў у аквапарку. Мы ездзілі са сваім класам у Маладзечна з настаўніцай матэматыкі Ганнай Зянонаўнай Дзятковіч. А з татам, мамай і сёстрамі я ездзіў у Мінск на каток. Мы планавалі пабываць у цырку, але там у гэты дзень, на жаль, не было прадстаўлення.


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.