Апытанне: якія асацыяцыі выклікае ў вас сакавік?

14:34 / 03.03.2012

Па звестках беларускага народнага календара, пра пару, калі зіма павінна саступіць месца вясне, у народзе гавораць, што ў сакавіку “сані з калёсамі сварацца”… Дарэчы, у гэтым вясеннім месяцы нас чакаюць некалькі цудоўных свят – Дзень беларускай міліцыі, Дзень жанчын, Дзень работнікаў бытавога абслугоўвання і жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы гарадка, каб распытаць у сустрэчных, якія асацыяцыі выклікае ў іх сакавік.


Алена Казіміраўна Пунжаль, настаўніца пачатковых класаў СШ №1:
– Сакавік будзе для мяне вельмі насычаным рознымі падзеямі. Мяркуйце самі: у маіх бацькоў – “залаты юбілей” сумеснага жыцця, у мяне таксама юбілей, толькі іншай пробы. А яшчэ плануем адзначыць дзень нараджэння дачкі і, зразумела, жаночы дзень 8 Сакавіка, які з’яўляецца не толькі чырвоным днём календара, але і традыцыйным у нашай сям’і.
Карыстаючыся магчымасцю, хацелася б павіншаваць з Жаночым днём усіх сваіх знаёмых і калег па працы, пажадаць вясенняга настрою, любві, бадзёрасці, аптымізму і веры ў светлае будучае.


Святлана Мар’янаўна Тухта, выхавацель групы падоўжанага дня:
– У першыя выхадныя сакавіка беларуская міліцыя будзе адзначаць сваё прафесійнае свята.
Людзі ў міліцэйскай форме заўсёды знаходзяцца на пярэднім краі барацьбы са злачыннасцю, якія сваёй эфектыўнай работай папярэджваюць і раскрываюць злачынствы. Мой муж Віталій служыць у органах унутраных спраў, пагэтаму Дзень міліцыі для нашай сям’і – законнае свята, тым больш, што і свёкар у свой час працаваў у міліцыі. У якасці падарунка ад мяне, нашых мужчын у гэты дзень чакае святочны абед.


Інэса Рыпінская, мастацкі кіраўнік Варонскага СДК:
– Ці ведаеце, што з’яўляецца сімвалам Міжнароднага жаночага дня? Зусім не цюльпаны, як многія лічаць, а мімоза – духмяная галінка з маленькімі пухнатымі жоўтымі кветачкамі. З мімозай падарунак да свята атрымліваецца па-вясенняму свежым і недарагім.
Да дня 8 Сакавіка мы рыхтуем канцэрт мастацкай самадзейнасці, у якім я прымаю ўдзел у ролі вядучай і абавязкова павіншую ўсіх са святам вясны і кветак.

Уладзімір Іванавіч Галец, манцёр Маладзечанскай дыстанцыі пуці:
– Разам з сонечнымі днямі і першым вясновым цяплом ідзе да нас свята абуджэння прыроды, прыгажосці і кахання – Міжнародны жаночы дзень. Гэта той дзень, калі мужчыны звяртаюць асаблівую ўвагу на тых, хто дорыць нам жыццё, любоў, каханне і пяшчотны клопат. Я ў гэты дзень павіншую сваю дзяўчыну Вікторыю, з якой не так даўно пазнаёміўся, яе маці Ларысу Міраславаўну і ўсіх знаёмых жанчын.


Надзея Карэйба і Вікторыя Вісацкайце:
– Нас вельмі радуе, што на змену шэрых зімовых дзён прыходзіць сонечнае цёплае надвор’е, што хутка будзем адзначаць сваё жаночае свята, што цяпер перад намі адкрываюцца новыя магчымасці глыбокага разумення сваёй ролі і больш поўнай рэалізацыі чалавечых каштоўнасцей у жыцці сям’і і грамадства.
А можна, мы праз газету перададзім свае віншаванні?
Паважаныя жанчыны, будзьце заўсёды прыгожымі, добрымі, мілымі. І няхай ваша хараство прымушае мужчын расправіць плечы, а ваша дабрыня ўтрымлівае свет!


Гутарыў Іван ПЕТРЫК.