Раздельный сбор ТБО — шаг к экологической безопасности

12:06 / 28.03.2017

Ужо даўно ў дварах нашага горада замест аднатыпных шэрых кантэйнераў стаяць каляровыя, якія дазвалююць сартаваць смецце.

Як адносяцца астраўчане да таго, што смецце трэба размяркоўваць па розных кантэйнерах, высвятляў наш карэспандэнт.

Бабойць2.jpgТаццяна Бабойць, бібліятэкар:

– Я лічу, што сартаваць смецце – правільна. Хаця ў нас, напрыклад, няма кантэйнераў для яго раздельнага збору каля дома, таму я пластыкавыя бутэлькі выкідваю ў кантэйнер  каля работы. Адпрацаваўшыя батарэйкі збіраю асобна, а потым здаю ў пункце іх збору. Паперу таксама не выкідваю, а складваю, каб потым здаць для перапрацоўкі на другасную сыравіну.

Пяткевіч2.jpgКацярына Пяткевіч, намеснік дырэктара прыватнага унітарнага прадпрыемства:

– Справа гэта патрэбная. Аднак ўсё роўна застаецца пытанне мэтазгоднасці: людзі смецце сартыруюць, а яго потым чамусьці ў адзін прычэп загружаюць. Гэтая сістэма мела мэтазгоднасць, калі ўсё смецце хутка раскладалася. Зараз шмат рэчываў, у якіх перыяд распаду гады і дзесяцігоддзі – і іх лепш перапрацоўваць у другасную сыравіну, каб зноў пусціць у справу.

Раней на ўтыль сыравіны можна было нядрэнна зарабіць: дзеці збіралі і здавалі металалом, бутэлькі, а сучасная моладзь лічыць за лепшае прасіць грошы ў бацькоў.

Ліпская.jpgВольга Ліпская, пенсіянерка, аг Гервяты:

– У нас на вёсцы ўсё смецце звычайна палілі на двары, а што не гарэла – цягнулі на звалку за вёскай. Зараз спальваць смецце забаронена, таму кожны аўторак з нашай вуліцы ўсё смецце збірае камугас. Можв, дзякуючы ім, за апошнія гады каля дамоў стала значна чысцей і прыгажэй.

Канешне, на вёсцы цяжка разбіраць, што куды, ды і сэнсу няма, бо ўсё роўна ўсё смецце збірае адзін трактар.

Грабоўскі2.jpgРуслан Грабоўскі, рабочы, в. Ізабеліна:

– Падзел смецця – справа добрая. Але ў нас, у Ізабеліна, мала хто гэта робіць. Няма сэнсу рабіць сізіфаву справу, калі ўсё смецце ўсё роўна трапіць у адзін прычэп. Ды і кантэйнераў для рознага віду смецця няма.

Што б я мог прапанаваць, якое выйсце? Элементарна раз у паўгода пускаць дадатковы смеццевоз менавіта для збору пластыкавых бутэлек і раз у паўгода – для збору шкла, металалому ці гумы.

Дрэма.jpgВераніка Дрэма, вартаўнік:

– Справа гэта правільная, мы такім чынам клапоцімся пра прыроду, бо з кожным годам людзі ўсё больш і больш забруджваюць наваколле. А так, пэўная частка смецця пойдзе на перапрацоўку, каб зноў “служыць” людзям.

Аднак наша грамадства яшчэ не цалкам зразумела карысць сарціроўкі смецця і працягвае выкідваць паперу, шкло, метал і арганічныя адходы ў адно вядро, бо так лягчэй – не трэба думаць.

Антон ЧЫК.

Фота аўтара.

ostrov-red.malshevski@tut.by

Текст: Главный администратор