Приступим к посту с доброй душой

06:34 / 26.02.2017
Прощенное воскресеньеДаравальная нядзеля – гэта добрая магчымасць для кожнага чалавека падумаць і ўспомніць усіх, каго ён пакрыўдзіў, а таксама своечасова папрасіць прабачэння.

А наш карэспандэнт вырашыў высветліць у жыхароў Астравеччыны, перад кім яны хацелі б павініцца і за што?

СолодухаІосіф Саладуха, вадзіцель:

– Здаецца, нікога я наўмысна не крыўдзіў. Аднак, калі такія людзі ёсць, то хачу папрасіць у іх прабачэння. Даруйце мне.

Я нават лаюся вельмі-вельмі рэдка, толькі калі ўжо моцна дапячэ. І ўвогуле, маё пакаленне практычна не лаецца, затое наша моладзь з поспехам робіць гэта проста для звязкі слоў. Прычына тут, магчыма, з-за некантралюемага карыстання інтэрнэтам, дзе нецэнзурныя словы сталі нормай. А між тым, слова часта раніць больш балюча, чым учынак.

МилошевскийВалерый Мілашэўскі, рабочы па комплекснаму абслугоўванню будынкаў і пабудоў:

– Адназначна хачу папрасіць прабачэння ў сваёй былой жонкі, у дзяцей і ў іншых родзічаў за тое, што мала часу з імі праводжу, аддаючы перавагу рабоце.

Наколькі мала? Хацелася б бачыць дзяцей кожны дзень, аднак не атрымліваецца. Затое калі ў іх канікулы, то яны ўвесь час са мной: гуляем, адпачываем.

СавицкаяСафія Савіцкая, лесавод:

– Я хоць і каталічка, аднак да падобных святаў адношуся з цеплынёй. Як бы ты сябе добра і мякка не паводзіў, усё роўна, думаю, знойдзецца чалавек, які лічыць сябе пакрыўджаным табой. Таму трэба проста ўзяць і папрасіць прабачэння, нават калі вы лічыце, што прасіць яго няма за што. Можа стацца так, што заўтра ўжо не будзе ў каго прасіць прабачэння.

Добра, што вы мне нагадалі пра Даравальную нядзелю, – буду ўспамінаць, перад кім варта павініцца.

Кірыл Пінчук, мантажнік (без фота):

– Можа, я б і хацеў папрасіць прабачэння ў адной дзяўчыны, аднак не буду. Не таму, што не хачу, а з-за адсутнасці магчымасці звязацца з ёй. Не буду расказваць што, чаму і як – проста аднойчы атрымалася непрыемная сітуацыя, за якую мне сорамна.

АндроловичАляксандра Андраловіч, прыбіральшчыца:

– Адзіны, хто мяне ўмее давесці – муж. Але мы пасварымся, а потым некалькі тыдняў жывём душа ў душу.

Здаецца, я не запальчывая, аднак хацелася б папрасіць прабачэння ва ўсіх, каму я, можа зрабіла дрэнна.

Антон ЧЫК.


Фота аўтара.


ostrov-red.malshevski@tut.by