"Репортёр выходит в свет". Какие воспоминания о школе у вас остались?

12:25 / 05.02.2017
sm_fullШкольнае жыццё ніколі не было лёгкім: урокі, кантрольныя, сачыненні – увесь час у напружанні. Але праз некалькі гадоў пасля выпускнога ўсё гэта ўспамінаеш з самымі цёплымі пачуццямі.

Якія ўспаміны пра школу ў вас захаваліся? – з гэтым пытаннем наш карэспандэнт звярнуўся да астраўчан.

репортер вечер встреч Буйко2Людміла Буйко, загадчык магазіна:

– Калі ўзгадваю школу, заўсёды ахоплівае настальгія. А ў мінулым годзе я нібыта зноў апынулася за школьнай партай –  сын заканчваў 11 клас, было шмат хваляванняў і падчас экзаменаў, і перад выпускным, і з-за паступ­лення.

Успамінаў, канешне, хапае, але свае школьныя гады лічу цікавейшымі, чым у сучасных школьнікаў: мы часцей сустракаліся па-за сценамі школы, хадзілі на прыроду, ездзілі на розныя экскурсіі.

репортер вечер встреч ГрынкевічВанда Грынкевіч,  пенсіянерка:

– Цяжка было: пасляваенныя гады – няпросты час. Жыла я ў вёсцы Пагеняты на Іўеўшчыне, а школа была за дзесяць кіламетраў, у райцэнтры. Каб у час прыйсці на ўрокі, трэба было ўставаць у 5 гадзін раніцы.

Ці хацела б вярнуцца назад у школу? Не. Пасляшкольныя гады ў мяне значна прасцейшыя былі, чым школьныя.

репортер вечер встреч АндраловічЛюдміла Андраловіч,  бухгалтар:

– У мяне захаваліся прыемныя ўспаміны. Школа ў нас была нетыповая – перабудаваны нямецкі шпіталь. Я вучылася ў Чэхаўскай школе Калінінградскай вобласці – бацьку прызначылі туды старшынёй калгаса. Аднак пасля майго заканчэння школы мы ўсім сямействам вярнуліся на Радзіму – у Беларусь. З таго часу са сваімі аднакласнікамі не сустракалася. Спрабавала знайсці праз сацыяльныя сеткі, аднак не атрымалася. Ды і школу маю ўжо шмат гадоў як закрылі.

Запомнілася, што ў той час не было складанасцей для падарожжаў: мы з класам з’ездзілі на Курскую дугу, у Ленінград, у Маскву. Зараз такія экскурсіі нават не ўсе дарослыя могуць сабе дазволіць.

репортер вечер встреч БукельАляксандра Букель,  педагог дадатковай  адукацыі:

– Часам складваецца ўражанне, што са школай я і не развітвалася, бо пасля яе заканчэння жыццё звязала з педагагічнай дзейнасцю. І ўсе мае былыя настаўнікі ў адзін момант сталі мудрымі, заўсёды гатовымі даць добрую параду.

Успаміны захаваліся самыя лепшыя. Мае школьныя гады прыпалі на так званыя «ліхія 90-я» – час цяжкі, але цікавы: недахопы, беспрацоўе, «вавёрачкі» і «зайчыкі». Круціліся ўсе, як маглі, нават школьнікі шукалі магчымасць зарабіць нейкую капейчыну.

репортер вечер встреч РуселевічВалянцін Русялевіч,  электрагазазваршчык:

– Часта ўспамінаю былых аднакласнікаў, розныя мерапрыемствы, у якіх мы ўдзельнічалі, настаўнікаў. Не хачу сказаць, што зараз настаўнікі горшыя, проста цяпер, відаць, час іншы, таму і адносіны да іх адрозніваюцца ад савецкага часу.

З аднакласнікамі мы стараемся сустракацца – не кожны год, а па круглых датах выпуску.

Гутарыў Антон ЧЫК.


Фота Лізы ДРЭМЫ.