А вы что думаете: знаете ли вы своих предков?

11:39 / 08.07.2017

Лічыцца, што свой род трэба ведаць да сёмага калена. Нездарма слова «сям’я» складаецца з двух частак – «сем» і «я».

У астраўчан і гасцей горада мы пацікавіліся, ці ведаюць яны сваіх продкаў?

 Яніна Боўша, пенсіянерка (без фота):

– Свой род ведаю да прадзедаў. Я, як і мае продкі, нарадзілася і гадавалася ў вёсцы Будраны, што на Спондаўшчыне. Раней там столькі людзей было! А цяпер засталася толькі адна жылая хата, у якой жыве мая стрыечная сястра Галіна. Шкада, што вёскі пакрысе выміраюць.

Бацькі і дзяды пахаваны на могілках у Клюшчанах. Не толькі на Задушны дзень, але, як толькі выдаецца вольная хвілінка, стараемся пад’ехаць туды, каб навесці парадак, запаліць лампады, памаліцца.

Лічу, што трэба цікавіцца сваімі каранямі, ведаць, хто былі, чым займаліся і як жылі нашы продкі. Калі мы помнім пра іх, значыць – нашы дзеці і ўнукі таксама будуць нас успамінаць.

Lipski.jpgВіктар Ліпскі, вадзіцель пракуратуры:

– Мае дзяды – з-пад Пушчавых. Ведаю, што жылі яны бедна, працавалі на зямлі, трымалі, як і ўсе ў той час, гаспадарку.

Сваімі каранямі цікаўлюся. Калега даў пачытаць кнігу пра прозвішча Ліпскія, але, на жаль, звестак пра сваякоў я там не адшукаў.

 Сяргей Свіла, электразваршчык (без фота):

– Бацькі мамы паходзяць з Польшчы. Бабуля Анастасія і дзед Мікалай пераехалі на Беларусь: спачатку жылі ў Іўеўскім раёне, потым – на Астравеччыне.

Татавы бацькі, бабуля Яніна і дзед Іван, жывуць на Пастаўшчыне. На жаль, бываць у іх даводзіцца не часта. Пры сустрэчы абавязкова распытаю іх, кім былі мае прадзеды.

Ruseckay.jpgТаццяна Русецкая, жыхарка Астраўца:

– Мама нарадзілася ў Вільнюсе, тата – на Астравеччыне. Спачатку мы жылі ў Літве, потым пераехалі на радзіму таты. Калі ўсталявалася Дзяржаўная мяжа і візавы рэжым, сувязь з літоўскімі сваякамі стала слабай.

Лічу, што цікавіцца сваімі продкамі трэба, – каб лепш разумець сябе. Часта здараецца так, што дзеці паўтараюць лёс бацькоў ці нават дзядоў.

 Dranevich.jpgКацярына Драневіч, ветурач пагранічна-кантрольнага ветэрынарнага пункта:

– Свой радавод ведаю дастаткова добра. Дзядуля Фларыян Пішчык паходзіў з Дзятлаўчыны. Яго жонка, мая бабуля Ганна, нарадзілася ў Вязынцы, там дзе і з’явіўся на свет класік беларускай літаратуры Янка Купала. Бабуля расказвала, што хадзіла на танцы разам з паэтам.

У татавых бацькоў лёс склаўся трагічна. Мае дзядуля і бабуля  былі працавітымі і руплівымі людзьмі, мелі шмат зямлі, таму і жылі заможна. Потым іх раскулачылі. Падчас вайны дзед Віктар прапаў без вестак.

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.

ostrov-red.ganulich@tut.by

Текст: Главный администратор