Репортер выходит в свет: кого со знаменитостей пригласили бы на ужин островчане
10:39 / 02.08.2019
Людміла Кухарэвіч, педагог:
– Жыццё не аднойчы зводзіла мяне з цікавымі людзьмі. Да сябе на вячэру я запрасіла б нашага земляка, унікальнага чалавека ва ўсіх сэнсах – Адама Мальдзіса ці гісторыка Германа Брэгера. Слухаючы іх мілагучную беларускую мову і расповеды пра гісторыю роднага краю, кожны раз паглыбляюся ў нашу багатую мінуўшчыну. У свой час гэтыя навукоўцы, як і іншыя гісторыкі, даследчыкі, пісьменнікі, былі частымі гасцямі ў школьным гуртку «Варнянская хатка».
Валянціна Захарэўская, прыбіральшчыца тэрыторыі:
– Ого, якое пытанне! Трэба падумаць… (Задумваецца) Павячэрала б, напэўна, з Міхаілам Баярскім – ён імпазантны мужчына, добры артыст і таленавіты спявак. Мне імпануе, што ён усё жыццё пражыў з адной жонкай – не тое, што іншыя артысты. Думаю, што і ў жыцці ён прыстойны і харошы чалавек – на такіх мужчын трэба раўняцца іншым.
Андрэй Марыянчук, зваршчык:
– Я з задавальненнем павячэраў бы з Уладзімірам Жырыноўскім – прыкольны ён чалавек і палітык. Не першы год захапляюся футболам, таму сустрэўся б з прэзідэнтам футбольнага клуба «Шахцёр» Рынатам Ахметавым – ён заўсёды ставіць перад камандай высокія мэты, верыць у ігракоў і натхняе іх на перамогу.
Аліна Бараноўская і Аляксандра Ромаш, вучаніцы
Аліна:
– Я хацела б сустрэцца з амерыканскім акцёрам і музыкантам Дзіланам А’Браенам, які набыў папулярнасць дзякуючы бліскучай ігры ў тэлесерыяле «Ваўчаня». За жыццём артыста я сачу ў інтэрнэце: падпісаная на яго акаўнты ў некаторых сацыяльных сетках. Відаць, Дзілан – не толькі таленавіты акцёр, але яшчэ і цудоўны чалавек. Ці добра ведаю я англійскую? Не вельмі… Нават і не падумала, на якой мове будзем стасавацца падчас вячэры. (Усміхаецца).
Аляксандра:
– А я на вячэру запрасіла б Леанарда Дзі Капрыа. На днях пераглядвала «Цітанік» – шэдэўральная кінастужка, у якой геніяльна іграюць акцёры.
А каго з вядомых людзей запрасілі б на вячэру вы? Раскажыце нам у суполках «АП» у сацыяльных сетках.