Рэпарцёр выходзіць у свет: чаго астраўчанам не хапае для шчасця?

07:13 / 29.06.2019
Нам заўсёды чагосьці не хапае: камусьці новай машыны ці моднай сукенкі, іншаму – часу. У астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт пацікавіўся, чаго ім не хапае для шчасця.

 Алена Лоўкіс, настаўніца пачатковых класаў:

IMG_2971.jpg

–  Класік беларускай літа­ра­туры Максім Танк быў упэўнены, што простае шчасце людское складаецца з солі, з хлеба, сабранага ў полі, з поту, дарожнага пылу… Гэта залатыя словы. Не варта гнацца за грашыма, класці жыццё на алтар дабрабыту. Раніцай прачнуўся – і гэта ўжо шчасце! А яшчэ для мяне самае галоўнае, каб мае родныя і блізкія былі здаровымі.

Ірына Мястоўская, лабарант:

IMG_2978.jpg

– А хто яго ведае… (Задумваецца) Галоўнае – здароўе, нездарма ж кажуць, што яго ні за якія грошы не купіш. Ёсць муж, сын, работа – і на гэтым добра. Навошта Богу грашыць? Мне ўсяго хапае.

Аляксандр Свіла, пенсіянер:

IMG_2981.jpg

– Прыхварэў – і адразу стала грошай не хапаць. Атрымліваю невялікую пенсію, а трэба ж лякарствы купіць і яшчэ месяц пражыць. А так я ўсім задаволены. Перанёс аперацыю, але як бачыце, на сваіх нагах – і для мяне гэта за шчасце. 

Паліна Дзерах, вучаніца:

IMG_2982.jpg

– Мне ўсяго хапае! У мяне цудоўная сям’я і сябры – і гэта самае вялікае шчасце ў жыцці кожнага чалавека. 

Аліна Іванова, студэнтка (без фота):
– У сацыяльных сетках прачытала цудоўныя словы: калі вы сёння прачнуліся здаровым – значыць, вы больш шчаслівыя, чым мільён людзей, якія не дажывуць да наступнага тыдня. Калі вы не зведалі, што такое вайна, голад, краты – вы больш шчаслівыя, чым 500 тысяч чалавек. Калі ў вас у халадзільніку ёсць ежа, вы апранутыя і абутыя,  у вас ёсць дах над галавой, вы больш багатыя, чым 75% людзей у гэтым свеце… Больш няма чаго дадаць: шчаслівы той, хто ўмее ім быць. 

Текст:
Фото: Алена Гануліч