З чаго пачынаецца дзень астраўчан

17:01 / 06.06.2019

Класік рускай літаратуры Максім Горкі раіў глядзець на дзень, як на маленькае жыццё.

У астраўчан і гасцей горада наш карэспандэнт пацікавіўся, як пачынаецца іх дзень.

Алена Багдановіч, бібліятэкар:

Багдановіч.jpg

– Мая раніца пачынаецца з таго, што рыхтую для сына сняданак і выпраўляю яго ў школу. Праўда, цяпер канікулы, таму Максім прачынаецца пазней. Потым абавязкова на некалькі хвілін выходжу на вуліцу, любуюся кветкамі, усміхаюся сонейку – гэтай жыццядайнай энергіі мне хапае на ўвесь дзень.

Паліна Базюк, вучаніца:

Базюк.jpg

– Я жыву ў Мінску, таму прачынацца даводзіцца рана. Пасля таго, як запраўлю ложак, памыюся і паснедаю, іду разам з бацькамі выгульваць нашага сабаку. А потым хутчэй у школу!

На канікулы прыехала ў Астравец да бабулі. Але ж і добра тут! Ніхто не будзіць, а на стале ранкам мяне чакаюць блінчыкі са сгушчоным малаком ці варэннем.

Жанна Сыс, повар:

Сыс.jpg

– Некалькі гадоў назад выпрацавала звычку: раніцай нашча выпіць кубак вады. Гэта дапамагае прачнуцца і станоўча ўплывае на страваванне. Потым збіраюся на работу. Калі мяне чакае напружаны і насычаны дзень, стараюся настроіцца на пазітыў.

Вераніка Мікліс, выпускніца:

Мікліс.jpg

– Сёння ноччу дрэнна спала, раніца была нервовай. Калі піла чай, трэсліся рукі. У школе здавалі экзамен па беларускай мове, цяпер чакаем вынікаў. Буду самай шчаслівай, калі даведаюся, што напісала на добрую адзнаку.

Галіна Філіповіч, медыцынская сястра:

Філіповіч.jpg

– Не магу ўявіць свой дзень без добрага настрою! Хоць, канешне, у жыцці ўсялякае здараецца, але кожную раніцу сустракаю з усмешкай. Я працую медсястрой у педыятрычным аддзяленні. Калі хварэюць людзі, асабліва дзеткі, гэта заўсёды балюча і страшна, таму з нашымі маленькімі пацыентамі дзялюся добрым настроем.

Текст:
Фото: Алёна Ганулич