Роўныя вёсны, розныя мары – адна краіна

12:17 / 15.03.2019
384
Дваццаць пяць гадоў таму быў прыняты асноўны Закон нашай дзяржавы – Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Карэспандэнт «АП» пацікавіўся ў равеснікаў гэтага дакумента – прадстаўнікоў маладога пакалення Астравеччыны, якія працуюць у розных арганізацыях, ставяць перад сабой розныя мэты, мараць аб розных дасягненнях, але аднолькава імкнуцца прыносіць карысць роднаму краю і сваёй краіне, – якую ролю адыгрывае канстытуцыйнае права ў іх жыцці, чаго яны паспелі дасягнуць за 25 гадоў і які след хочуць пакінуць у гісторыі раёна. 

Субаткевич.jpg

Алена Субаткевіч, педагог сацыяльны  сярэдняй школы №1:
– У народа павінна быць свая нацыянальная ідэя, якая аб’ядноўвае лю­дзей і мабілізуе вырашаць задачы на агульную карысць. Па-мойму, менавіта гэта і з’яўляецца асновай Канстытуцыі нашай краіны.
Мае абавязкі як педагога сацыяльнага цесна пераплятаюцца з нормамі Канстытуцыі. Стварэнне нармальных умоў для развіцця дзяцей, абарона іх правоў і інтарэсаў, наладжванне сувязей паміж бацькамі і школай – усё гэта дапамагае вучням не толькі спакойна атрымліваць веды, але фарміравацца як асобе. 
Педагогам сацыяльным я працую трэці год, давялося правесці шмат гутарак з дзецьмі і іх баць­ка­мі на прававую тэматыку, удзельнічаць у тлу­ма­чэнні заканадаўства законным прадстаўні­кам непаўналетніх, праводзіць рэгулярныя кансульта­цыі па пытаннях, якія хвалююць падлеткаў. І калі гэта дае станоўчыя вынікі – значыць, працую недарэмна. Таму і далей хачу прывіваць дзецям маральна-этычныя нормы і выхоўваць у іх чалавечнасць, спагаду і любоў да сваёй Радзімы.

Бародка.jpg

Іван Бародка, загадчык майстэрняў у КСУП «Гудагай» аг. Малі:
– У нашай краіне можна атрымаць бясплатную адукацыю – і гэта вялікі плюс. Будучая прафесія ў многім вызначае далейшае жыццё. Пасля заканчэння Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага кале­джа я вярнуўся ў Астравецкі раён, ужо пяты год працую загадчыкам майстэрняў у Малях – і не пашкадаваў. Дарэчы, летам я пакідаю свае механізаваныя ўладанні і сядаю за руль зер­неўборачнага камбайна. Пяць сезонаў «адмахаў» на «Лідзе 1300», а ў мінулым годзе перасеў на «Палессе 1218 А1». Новая тэхніка натхніла на рэкорды: падчас жніва мы былі ў лідарах сярод маладзёжных экіпажаў. Спадзяюся, сёлета таксама пашчыраваць падчас уборкі. Яшчэ планую атрымаць вышэйшую адукацыю і буду працягваць працаваць у сельскай гаспадарцы.  

Блашкевіч.jpg

Алена Блашкевіч, педыятр Астравецкай ЦРБ:
– Кожны грамадзянін павінен ведаць Канстытуцыю сваёй краіны і жыць згодна з прынятымі ў ёй нормамі. У нашай краіне прадстаўляецца шмат магчымасцей для развіцця, самарэалізацыі і кар’ернага росту: бясплатная адукацыя, медыцынскае аб­слу­­гоўванне, права на працу і іншае. Мяне як педыятра перш за ўсё хвалююць правы маленькіх пацыентаў. Здароўе дзіцяці залежыць не толькі ад правільнага харчавання і цёплай вопраткі, але і ад псіхалагічнага настрою ў сям’і, любові і пя­шчоты бацькоў. І калі тэмпература маіх падапечных апускаецца да 36,6, у іх нічога не баліць і яны заходзяць да мяне з усмешкай – гэта і ёсць мае дасягненні. 

Кляўда.jpg

Іван Кляўда, станочнік дрэваапрацоўчага цэха ДЛГУ «Астравецкі лясгас»: 
– У дваццаць пяць гадоў, напэўна, рана гаварыць пра важныя дасягненні – думаю, галоўныя з іх яшчэ напера­дзе. У плане прафесіі не думаю спыняцца: ёсць сярэдняя спецыяльная адукацыя, у бліжэйшым будучым планую атрымаць вышэйшую. Для моладзі цяпер немалаважна мець добрую спецыяльнасць і ўладкавацца на працу з годнай заработнай платай. У нашай краіне для гэтага створаны ўсе ўмовы. 

Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений