Кто должен помогать инвалидам?

12:18 / 02.12.2018

Хто, на думку жыхароў нашага горада і раёна, павінен дапамагаць інвалідам, высвятляў наш карэспандэнт.

Святлана Страшкевіч, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:

Страшкевіч2.jpg

– У Астраўцы, наколькі я ведаю, дзейнічае Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, ёсць таварыства Чырвонага Крыжа,  валанцёры, якія «трымаюць руку на пульсе»: дапамагаюць людзям з абмежаванымі магчымасцямі, клапоцяцца пра іх.

У «Белтэлекаме» людзі, якія не могуць самі прыйсці да нас, могуць выклікаць спецыяліста на дом.

Я зараз разумею інвалідаў-ка­лясачнікаў: гуляючы па гора­дзе з каляскай, добра вывучыла месцы, дзе інвалідам, ды і нам, маладым мамам, без дапамогі ні праехаць, ні спусціцца з тратуара на пешаходны пераход.

_________________

Марыя Яроміна, пенсіянерка:

Яроміна2.jpg

– У мяне муж быў інвалідам другой групы – анкалогія. Дык, акрамя мяне і дачкі, нікому ён быў не патрэбны. Дзякуй яшчэ суседзям, якія тэлефанавалі, клапаціліся, прапанавалі дапамогу. А так – усё самі.

Што нам па законе належала, якая дапамога – ніхто не расказваў і не тлумачыў. Некаторыя рэчы толькі зараз даведваемся, калі мужа ўжо няма.

_____________________

Рыгор Аляксандраў, часова беспрацоўны (без фота):

–  Людзі цяпер такія, што толькі пра сябе дбаюць, чхаць яны хацелі на іншых: у бальніцы, на пошце, у банку, пакуль інвалід у нос не тыцне пасведчанне, паміраць будзе – не прапусцяць без чаргі.

Хаця вось яшчэ пытанне для роздуму: каго лічыць інвалідам? Калі чалавек атрымаў траўму ці страціў зда­роўе па ўважлівай прычыне: вытворчая траўма, некага ратаваў ці подзвіг здзейсніў – гэта адно. А калі ён п’яны на машыне ў аўтобус «уляцеў» ці рак «зарабіў», смалячы, як паравоз, – гэта іншае.

Да таго ж, не заўсёды адразу зразумееш: інвалід перад табой ці здаровы. Сардэчнікі, язвенікі, людзі з анкалогіяй таксама часта маюць інваліднасць. Хоць, я лічу, што ў нас, як у анекдоце: здаровых няма, а ёсць недаабследаваныя. (Смяецца)

_________________________

Віктар Базюк, пенсіянер:

Базюк.jpg

– Інвалідам у нашай краіне, лічу, увагі ўдзяляецца недастаткова. Канешне, ёсць  арганіза­цыі, чыёй работай з’яўляецца дапамога і абслугоўванне лю­дзей з абмежаванымі магчымасцямі: прыбраць, схадзіць у магазін, дапамагчы знайсці які-небудзь заробак.

А здараецца, што гэта «для галачкі» робіцца: пандус быццам бы і зрабілі – але па ім немагчыма падняцца і здароваму, не тое, што хвораму; дзверы вузкія ці адкрываюцца так, што чалавеку на мыліцах ці на калясцы ні развярнуцца, не пра­ехаць.

___________________

Марына Прыбыш, прадавец:

Прыбыш2.jpg

– Думаю, што ўвагі да людзей з абмежаванымі магчымасцямі і іх патрэб ніколі не будзе зашмат. У нашым горадзе, раёне і краіне адчуваць сябе самадастатковымі інваліды могуць хіба што ў лічаных месцах. Калясачнікам дагэтуль складана заходзіць і выходзіць у некаторыя цягнікі, маршруткі, аўтобусы.

Канешне, добра, што ў нашым грамадстве да іх праблем адносяцца з увагай і, калі трэба, я ўпэўнена, ніхто не адмовіць у дапамозе. Галоўнае, каб яны самі ўздымалі гэтыя пытанні, а не маўчалі.

Текст: