Чыё свята – «Дажынкі»?

18:09 / 25.11.2018
Вось і закончыўся сельскагаспадарча-нарыхтоўчы 2018 год. Аднак гэта не азначае, што цяпер сельгасработнікі-вяскоўцы будуць сядзець без справы да вясны. Хіба што толькі на нейкі час  яны адарвуцца ад сваіх штодзённых спраў, каб адсвяткаваць «Дажынкі». 
   А чыё гэта ў першую чаргу свята і хто яго павінен адзначаць, высвятляў наш карэспандэнт.

Жукоўская.jpg

Вольга Жукоўская, прадавец:
– «Дажынкі» абавязкова трэба святкаваць, каб любы работнік сельскагаспадарчай галіны ведаў, што яго праца патрэбна і не застаецца незаўважанай.
Мне вельмі падабаецца, як у нас у раёне ладзяць «Дажынкі»: кожны год на новым месцы – Гервяты, Варняны, Міхалішкі, сёлета – Малі. «Дажынкі» ж не проста выстава садавіны і гародніны, там заўсёды працуюць народныя майстры, ладзяцца розныя конкурсы, спяваюць і танцуюць. Там заўсёды можна прыгледзець нешта для дома ці для сябе.

Станіслаў2.jpg

Станіслаў, зваршчык:
– «Дажынкі», на маю думку, рэч добрая, але менавіта ў тым выглядзе, як святкавалі нашы продкі, калі самі сабе ладзілі свята. А ў такім выглядзе, як яны праходзяць і адзначаюцца зараз – з помпай, зоркамі эстрады і з фейерверкамі, – гэта дарэмнае марнаванне грошай. Калі трэба адзначыць чыюсьці работу і ўзнагародзіць чалавека – гэта можна зрабіць больш сціпла, без вялікіх імпрэзаў.

Валянціна Васільчык, пенсіянерка (без фота):
– «Дажынкі» – гэта свята ўсіх працаўнікоў вёскі: тых, хто працуе на палях і фермах, хто дае нам хлеб, малако, мяса, садавіну і гародніну.
У нашай краіне, лічу, кожны тым ці іншым бокам сутыкаецца з сельскай гаспадаркай. 

Субаткевіч.jpg

 Юлія Субаткевіч, у адпачынку па доглядзе дзіцяці:

– «Дажынкі» – свята тых, хто працуе ад світання да ночы на палях і на фермах: аграномаў, трактарыстаў, камбайнераў, аператараў сушылак, даярак, цялятніц, жывёлаводаў, а таксама повараў, якія рыхтуюць «жніўныя» абеды, механікаў, вадзіцеляў – адным словам, усіх тых, хто дае нам Хлеб.
Наш народ працалюбівы, і многія  нават з тых, хто жыве ў кватэрах, маюць невялікі кавалачак зямлі ў вёсцы ці на дачы, на якім вырошчваюць сёе-тое для сябе і сваёй сям’і. Гэта сапраўды ўсебеларускае свята.

Маснянкіна.jpg

Антаніна Маснянкіна, госця з Масквы:
– Наколькі я ведаю, у Беларусі добра развіта сельская гаспадарка: наладжана вытворчасць многіх прадуктаў харчавання, якія потым ідуць на экспарт. А гэта значыць,  што іх якасць – на належным узроўні.
Лі­чу, што «Дажынкі» – свята ўсёй краіны, бо кожны чалавек, незалежна ад таго, звязаны ён з сельскай гаспадаркай ці не, робіць свой унёсак у  агульны хлебны каравай.



Текст:
Фото: Антон Мальшевский