Рэпарцёр выходзіць у свет. Ці спадабалася ярмарка астраўчанам?

10:19 / 27.10.2018
Ці наведалі астраўчане і госці горада традыцыйны восеньскі кірмаш, ці паспелі закупіцца садавінай і гароднініай – высвятляў карэспандэнт на вуліцах горада.

Рахатко.jpg

 Галіна Рахатко, тэхработнік:
– Я не была на кірмашы. Амаль усё, што ёсць дома: бульба, морква, цыбуля, капуста, буракі, – я вырошчваю на сваім участку. А калі нечага не хопіць, то зараз усё можна купіць у магазінах.

Шафран.jpg

Таццяна Шафран, у адпачынку па доглядзе за дзецьмі:
– На кірмашы не была, бо хапае іншых спраў і заняткаў дома. Затое муж там працаваў, і гаварыў, што людзей было няшмат.
Калі нешта з прадуктаў дома патрэбна, то ідзём у магазін. 
Кірмашы патрэбны тым, хто не мае магчымасці вырасціць садавіну і гародніну.

Жаркоў.jpg

Раман Жаркоў, начальнік участка:
– Субота ў мяне рабочая, таму пры ўсім жаданні я не змог бы патрапіць на кірмаш. Ды і наўрад ці я нешта там купляў бы, бо мне хапае магазіна і стаяць каля пліты я не люблю. Харчуюся ў сталоўцы, а вячэраю ў кафэшках. Грошай хапае.

Чарняўская.jpg

Валянціна Чарняўская, пенсіянерка:
– У мяне сёлета столькі ўсяго ўрадзіла, што кірмаш мне без патрэбы. А вось нявестка мая хадзіла, узяла па меху бульбы, морквы,  капусты. 
На кірмаш у лесапарк мне падабалася хадзіць, там і конкурсы, і гульні, і розныя забавы былі – і адпачнеш, і справу патрэбную зробіш. 
Кірмашы сельскагаспадарчыя, лічу, трэба праводзіць значна часцей. 

Аляксандр Дарашкевіч (без фота):
– Я, калі мне нешта спатрэбіцца, іду ў бліжэйшы. На цэны не гляджу, паколькі бяру няшмат: дзве-тры морквы, качан капусты ці кілаграм бульбы. Шмат грошай, блукаючы па магазінах, не сэканоміш, а вось ногі стопчаш.
Кірмаш патрэбен: не ва ўсіх ёсць агарод. Ды і не кожны будаўнік, якіх у нас зараз шмат, будзе везці бульбу з дома.



Текст:
Фото: Антон Мальшевский