Кто готов сменить городскую прописку на деревенскую

14:53 / 06.08.2018
5
Ці пагадзіліся б жыхары райцэнтра памяняць гарадскую прапіску на вясковую, высвятляў наш карэспандэнт.

Дзмітрэнка2.jpg

Аляксей Дзмітрэнка, электраманцёр, і яго жонка Вікторыя, знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем:
Вікторыя: 
– Гледзячы ў якую вёску пераязджаць. Зараз людзям мала проста свежага паветра і прыгожай прыроды – трэба ж і некаторыя ўмовы для жыцця мець. Напрыклад, нам, як маладой сям’і, трэба думаць, як дзяцей вадзіць у дзіцячы сад, а потым – у школу. Хаця гадаваць іх лепш на вёсцы, дзе свежая садавіна і гародніна. З агародам я яшчэ справілася б, а вось хатнюю жывёлу ўжо не пацягнула б. Хіба што на пенсіі. (Смяецца)
Аляксей: 
– Канешне, многія пытанні лёгка можа вырашыць наяў­насць аўтамабіля. Але ў нас яго няма. Таму трэба падумаць, як з вёскі дабірацца да горада. Хаця, калі на вёсцы ёсць нармальная работа з годнай зарплатай, то пытанне здымаецца само сабой.

Ачарэтаў.jpg


Максім Ачарэтаў, кантралёр КПП БелАЭС:
– Канешне б, памяняў! І з задавальненнем. Свежае паветра, прырода! На сваім падворку можна адпачываць: загараць, смажыць шашлыкі – ды што заўгодна рабіць.
І работа на сваёй зямлі таксама не будзе ў цяжар, калі ўсё рабіць своечасова. А транспарт­нае пытанне ў наш час лёгкавырашальнае.

Янцэвіч.jpg

Аляксандра Янцэвіч, вучаніца СШ №2:
– Вёска – гэта пры­рода і свабода. Я б задавальненнем паехала жыць у вёску – але з некаторымі агаворкамі: што я там буду не адна, а з усёй сям’ёй; каб было каму дроў накалоць, печ прапаліць, агарод ускапаць; і што там будуць усе ўмовы цывілізацыі жыцця – святло, газ, вада.
Канешне, жыць у вёсцы больш складана, чым у горадзе. Думаю, там трэба абавязкова бу­дзе завесці гаспадарку. Хаця зараз людзей, якія трымаюць, кароў, коней ці свіней, зусім мала. 

Сцефановіч2.jpg

Міхаіл Сцефановіч, пенсіянер:
– Я рады, што вырваўся з вёскі. Да 1964 года жыў у Кумпянах – пакуль не ажаніўся і не перабраўся ў Астравец. Мяне тады выпускаць з вёскі не хацелі – пашпартоў жа ў вяскоўцаў не было. Прыйшлося сказаць, што еду ў Свярдлоўск да брата на работу ўладкоўвацца – толькі тады і змог з жонкай прапісацца ў Астраўцы.
Горад на вёску не памяняю ні за што! Тут і магазіны пад бокам, і работа побач, і зарплаты большыя, чым у калгасе. 


Текст:
Фото: Антон Мальшевский