Детей надо защищать от…

08:48 / 02.06.2018

У наш неспакойны час нават дарослым складана адчуваць сябе абароненымі – што ўжо казаць пра дзяцей? Дарогі, цёмныя завулкі, адкрытыя вадаёмы, бяздомныя жывёлы – небяспека хаваецца практычна за кожным вуглом. Ды і самі дзеці вельмі часта спазнаюць жыццё, неўсвядомлена рызыкуючы.
   Ад чаго і ад каго нам трэба бараніць дзяцей, цікавіўся карэспандэнт «АП» на вуліцах горада ў саміх дзяцей. 


Юркоиць.jpg

Надзея Юркойць, вучаніца 3 класа:

– Дзяцей, каб з імі не здарылася нічога дрэннага, трэба вучыць і выхоўваць. І рабіць гэта трэба не толькі настаўнікам, а і бацькам. Канешне, многае з таго, што нам гавораць дарослыя, пралятае міма вушэй, але ёсць і такія дзеці, якія робяць так, як ім кажуць.

Я вось, напрыклад, не катаюся па дарогах на роліках – толькі па двары; на возера без дарослых не хаджу, не размаўляю з незнаёмымі.


Карвэль копия.jpg

Руслан Корвель, вучань 9 класа:

– Ад некаторых дарослых, напрыклад, п’яных будаўнікоў, трэба бараніць дзяцей. Да мяне часта на вуліцы падыходзяць такія, чапляюцца да маёй прычоскі.

Некалькі разоў нейкія неадэкватныя прыставалі: «Дай рубель… Дай пяцьдзясят капеек». 

А між сабой, лічу, дзеці заўсёды разбяруцца! У нас у першай школе старэйшыя вучні меншых не крыўдзяць. 


Браніцкі2.jpg

Леў Браніцкі, вучань 4 класа:

– Ад школы трэба бараніць дзяцей. Нас там мучаюць і катуюць. (Усміхаецца). Жартую! 

А калі шчыра, то дзяцей трэба бараніць ад многіх з’яў і рэчаў. Трэба за дзецьмі сачыць і прыглядаць, каб яны не гулялі з запалкамі, насілі флікеры, калі на вуліцы цёмна; не перабягалі дарогу перад машынамі, не купаліся без дарослых і абыходзілі бокам бадзялых жывёл. Мяне адзін раз сабака ўкусіў – я на ўсё жыццё гэта запомніў.


Лях.jpg

Вадзім Лях, вучань 9 класа:

– Ад самадурства і бязладнасці, лічу, трэба абараняць дзяцей. Трэба прывучаць іх правільна пераходзіць вуліцу, расказваць, што нельга лезці ў ваду без дарослых, гуляць на будаўнічых пляцоўках,  гуляць па начах у адзіноце… Ды шмат чаго дзецям рабіць не варта!

Зразумела, пра правілы бяспекі расказваюць дома і ў школе, аднак да некаторых не даходзіць.


Урбановіч2.jpg

Кацярына Урбановіч, выпускніца:

– На жаль, у наш час хапае сацыяльна небяспечных сямей, у якіх дзяцей трэба бараніць ад родных бацькоў. У такіх сем’ях дзеці вырабляюць немаведама што, бо бацькам да іх няма ніякай справы.

Дзеці з такіх сем’яў, звычайна, і падаюць іншым дрэнны прыклад: мацюкаюцца, кураць, могуць нават злоўжываць алкаголем – бо ім ніхто не аўтарытэт. 




Текст:
Фото: Антон Мальшевский