Плюсы и минусы Островца
09:29 / 21.05.2018
Алена Пазняк, пенсіянерка:
– Я жыву ў Байканах, а сюды прыязджаю, каб аплаціць паслугі ды закупіцца, бо ў нас магазін ужо год як зачынены – толькі аўталаўка два разы на тыдзень прыязджае. Да плюсаў смела можна аднесці тое, што ў Астраўцы з’явілася шмат крамаў. Людзей больш стала, аднак горад усё роўна чысты і ўтульны.
Ларыса Ярмоліч, старшыня раённай арганізацыі Беларускагапрафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі:
– Горад вырас, папрыгажэў, людзей стала больш – гэта несумненныя плюсы. Сацыяльна-бытавое абслугоўванне выйшла на новы ўзровень. Хутка адкрыецца новы садок, у планах – яшчэ адзін садок і школа.
А вось дзе паселяць маладых спецыялістаў, якія прыедуць працаваць, – гэта пытанне, якое абмяркоўвалася не раз на самых розных узроўнях. Хоць наша моладзь, трэба аддаць ёй вартае, круціцца сама: нешта шукае – і застаецца.
Генадзь Надзейка, цясляр-бетоншчык
(без фота):
– У Астраўцы я жыву і працую з 2012 года. Змены відавочныя: за гэты час я да яго прыкіпеў і, спадзяюся, застануся тут жыць.
Толькі вось працоўных месцаў, за выключэннем «атамкі», каб добры заробак быў, для мясцовых не хапае. А цэны ў магазінах разлічаны на тых, хто добра зарабляе.
Юлія Буневіч, настаўніца чарчэння
(без фота):
– Горад расце – гэта несумненна добра. Гляньце хаця б на новыя раёны, гімназію ў прыватнасці: вучняў стала больш, матэрыяльна-тэхнічная база проста супер, у параўнанні з тым, што было.
А не падабаецца тое, што мала магазінаў у першым мікрараёне – у «Вясне» ў канцы працоўнага дня яблыку няма дзе ўпасці, асартымент слабенькі. Не падабаецца і тое, як курсіруе аўтобус: з Паркавай вуліцы ў цэнтр – у 7.52 ідзе, а дзе ён потым катаецца – невядома. А яшчэ моладзі ў нас няма куды падацца, каб адпачыць, дачка прыязджае з Мінска і з дома ў выхадныя не выходзіць.
Кацярына Пяткевіч, юрыст:
– За тры гады, што я жыву ў Астраўцы, бачу адны плюсы ў гарадскім жыцці: знешні выгляд, новыя раёны, дзіцячыя пляцоўкі, магазіны. Хутка абяцаюць новую бальніцу адкрыць – увогуле стане добра. Галоўнае, каб спецыялісты там былі падрыхтаваныя на адпаведным узроўні. Хаця я нядаўна была на прыёме ў тэрапеўта, маладой спецыялісткі, – уражана яе прафесіяналізмам і стаўленнем да пацыэнтаў.
Станіслаў Лукойць, вадзіцель:
– З безумоўных плюсаў – гэта харчовае і прамысловае забеспячэнне, сацыяльнае абслугоўванне, выгляд горада. Хаця сталоўкі ў горадзе не хапае, нават пры савецкай уладзе лепш было, чым цяпер.
А яшчэ не хапае ў нашым горадзе аўтамабільных стаянак.