Як астраўчане святкуюць Вялікдзень

09:00 / 31.03.2018
1
Ужо заўтра католікі будуць вітаць Сына Божага радасным «Хрыстос уваскрос!». А за велікодным сталом у бацькоўскім доме збяруцца дзеці і ўнукі…
Наш карэспандэнт пацікавіўся ў астраўчан і гасцей горада, што для іх значыць Вялікдзень і якія пасхальныя традыцыі ёсць у іх сем’ях.

IMG_4210.JPG

Алена Лук’янчык, прадавец:
–  Пасха – светлая, радасная, ачы­шчальная… Яе аднолькава любяць і праваслаўныя, і католікі. Мне здаецца, асаблівага значэння няма, у адзін дзень ці ў розныя мы адзначаем гэтае вялікае свята: на Астравеччыне шмат змешаных сем’яў, дзе адзначаюцца  дзве Пасхі. 
Велікоднай традыцыяй, якую мы стараемся захоўваць, можна лічыць тое, што ў гэты дзень уся сям’я павінна сабрацца разам. Напярэдадні абавязкова асвячаем у царкве ежу, а вечарам ідзём на Усяночную. 
Сваім Уваскрасеннем Хрыстос аб’явіў перамогу дабра над злом, веры над нявер’ем, святла над цемрай. Карыстаючыся магчымасцю, хачу павіншаваць католікаў і праваслаўных са светлым днём Пасхі. 

Керно.JPG

Ніна Керна, прыбіральшчыца:
– Вялікдзень – светлае, радаснае, сямейнае свята, якое трэба сустрэць пад­рыхтаваным. Галоўнае, лічу, гэта не разнастайнасць страў і колькасць іх на велікодным стале, а настрой, з якім ты прывітаеш Сына Божага, думкі і словы, з якімі будзеш сустракаць людзей. У гэты перыяд галоўнае – паклапаціцца пра сваю душу, а потым ужо думаць пра стол. Хоць, канешне, фарбаваных яек і кулічоў ніхто не адмяняў.

IMG_4193.JPG

 Вікторыя Чарняўская, вучаніца Варнянскіх ясляў-сада – сярэдняй школы:
– Я люблю Вялікдзень! Да свята мы рыхтуемся загаддзя: у суботу з мамай ідзём у касцёл, каб асвяціць яйкі і іншыя стравы.
Люблю фарбаваць яйкі. Цяпер столькі спосабаў ёсць! Дастаткова толькі зайсці ў інтэрнэт. Калі з бацькамі жылі ў Варнянах, да нас шмат дзяцей прыходзіла па яйкі. На жаль, у Астраўцы гэтая традыцыя не такая моцная, як у вёсцы. Калі была меншай, мы разам з сяброўкай вершамі і песнямі віншавалі аднавяскоўцаў са святам, а яны нам аддзячвалі яйкамі і цукеркамі.

Уладзіслаў Сальмановіч, пенсіянер (без фота):
– У нас кажуць Вельканоц, а не Вялікдзень – так, на польскі манер,  свята яшчэ мае дзяды называлі… Калі былі жывыя бацькі, збіраліся ў іх, а цяпер – у мяне. Дачка жыве далёка, таму на свята прыязджае толькі сын з сям’ёй. 
Раней, мне здаецца, людзі былі больш набожнымі: пост трымалі, ва ўсіх велікодных набажэнствах удзельнічалі… Я кожную ня­дзелю хаджу ў касцёл, не прапусціў ніводнай Крыжовай дарогі і рэкалекцыі – сэрца радуецца, калі бачу бацькоў з дзеткамі ў храме. Да касцёла з маленства трэба прывучаць. 

P.S. Падзяліцеся сваімі сямейнымі велікоднымі традыцыямі ў каментарыях да артыкула на сайце ostrovets.by і ў суполках газеты ў сацыяльных сетках. 


Текст:
Фото: Алена Гануліч