Я прышчэпкі не баюся! А вы?

11:38 / 24.10.2017
Не за гарамі зіма, а з ёй – сезон захворванняў на грып і прастуду. Каб пазбегнуць іх урачы раяць рабіць своечасова прышчэпку.
Высвятляць у жыхароў нашага раёна і яго гасцей, ці зрабілі яны прышчэпкі і ці давяраюць ім увогуле, адправіўся наш карэспандэнт на вуліцы горада. 

Кузьміна.jpg

Таццяна Кузьміна, хатняя гаспадыня:

– У нас на радзіме, на Украіне, прышчэпкамі ніхто асабліва не займаўся і не займаецца. Хочаш прышчапіцца – рабі гэта сам: ідзі ў бальніцу, плаці грошы. 

Я апошні раз рабіла прышчэпку яшчэ ў часы Савецкага Саюза – і праз некалькі тыдняў цяжка захварэла пнеўманіяй. З таго часу ў мяне да вакцын няма даверу.

А паколькі я “працую” хатняй гаспадыняй, то асабліва не замарочваюся з гэтымі прышчэпкамі. Нават калі захварэю – паляжу тры дні дома, не пахаджу ў магазін за малаком. Нічога страшнага!


Мацуткевіч.jpg

Таццяна Мацуткевіч, падсобная рабочая:

– Прышчэпку я штогод раблю абавязкова. Вось і сёлета ў верасні схадзіла на прыём да нашага рымдзюнскага фельчара і прышчапілася. У нашай сям’і, дарэчы, прышчэпку ад грыпу робяць усе: маці тут, па месцы, а дачка – у Мінску.

Канешне, як ні клапаціся пра сваё здароўе, як ні засцерагайся, хвароба цябе ўсё роўна падпільнуе, аднак прышчэпка дазваляе лягчэй яе перанесці – праверана на сабе.

Севакоў2.jpg

Аляксандр Севакоў, электрык:

– Я родам з Каўказа і на здароўе не скарджуся. Хаця, калі хочаце даведацца сакрэт каўказскага доўгалецця, то лепш запытайцеся ў маёй бабулі – ёй 92 гады, а яна з агарода не вылазіць. (Смяецца)

Прызнацца шчыра, прышчэпкам не давяраю. Напэўна, у школе апошні раз рабіў, яшчэ ў двухтысячных. Ды і ўвогуле лічу, што ўсе гэтыя вакцыны састарваюцца яшчэ да таго, як іх пачынаюць штампаваць, бо вірусы муціруюць з кожным годам усё хутчэй.

Мама на прагулцы з дзіцем (без фота):

– У нашай сям’і ніхто не прышчэпліваецца. Бо прышчэпка – гэта не панацэя. За здароўем трэба сачыць увесь час: прымаць вітаміны, загартоўвацца, апранацца адпаведна надвор’ю. А калі ўжо “скруціла” і “зваліла”, то сэнсу рабіць прышчэпку няма.

Пашкевіч.jpg

Вацлава Пашкевіч, пенсіянерка:

– Аб сваім здароўі кожны павінен клапаціцца сам. І вырашаць, рабіць прышчэпку ці не, кожны павінен самастойна.

Я, напрыклад, кожны год раблю прышчэпку, як мой доктар раіць. Па сабе магу сказаць, што грып тады лягчэй пераносіцца. Канешне, насмарк, кашаль і тэмпература ёсць, але ўсё праходзіць хутчэй.

Антон ЧЫК.

Фота аўтара.



Текст: Главный администратор