"Я аддаю перавагу стасункам з жывымі людзьмі..." Пра тое як працуюць Астравецкія паштальёны

09:05 / 09.10.2017

Напярэдадні Сусветнага дня паштовага работніка наш карэспандэнт распытаў у гасцей і жыхароў нашага горада, якімі паслугамі пошты яны карыстаюцца?

Стреж.jpg

Валянціна Стреж, аддзелачнік:

– На пошце я бываю 3-4 разы на месяц: у асноўным купляю тое-сёе для дома, адпраўляю ці атрымліваю пасылку.

Час ад часу, канешне, “трапляю” на чаргу, калі працуюць адна ці две касы. Але ў нас, у Віцебску, хоць вузлы сувязі і большыя, аднак чэргі не меншыя.

Крэз2.jpg

Ірына Крэз, тэхнічны работнік Кямелішкаўскага НПК:

– Паколькі ў нас ашчадная каса працуе толькі два дні на тыдзень, то, зразумела, не ўсе паспяваюць там заплаціць за паслугі – таму на пошце часцяком бываюць чэргі.

Паштовае аддзяленне ў нас невялікае, працуе там толькі адна дзяўчына – Наташа, прабачце, забылася прозвішча. Як па мне, дык добра спраўляецца са сваімі абавязкамі: ветлівая, хуткая, дакладная. Ні разу яна не падвяла, за што ёй асабістае “Дзякуй!”

Бабер.jpg

Віктар, аператар АЗС, і Зоя Бобер, пенсіянерка:

Віктар:

– Нараканняў на нашых паштавікоў не маю – работа ў іх часцяком не “фантан”. Я ведаю. Перыядычна запраўляю паштовыя аўтамабілі на нашай АЗС, дык краем вуха іх размовы чую: пра тое, што маршруты далёкія, дарогі дрэнныя, вёскі глухія. Здараецца, адну пенсію, газету ці адзін ліст за пяцьдзесят кіламетраў вязуць. Ну і гандлююць там, зразумела, з нешматлікімі жыхарамі вёскі прадуктамі ці нейкімі прамысловымі таварамі.

Зоя:

– Мы на пошту за пасылкамі ходзім. Дачка ў інтэрнэце тое-сёе заказвае, а мы ўжо атрымліваем.

Муж, паколькі ён у мяне больш цярплівы, ходзіць розныя паслугі аплачваць. А ў мяне нерваў не хапае ў чэргах стаяць (Смяецца).

Вось цярпення напярэдадні прафесійнага свята я работнікам пошты і пажадаю. А яшчэ моцнага здароўя і, канешне, большых заробкаў.

Леанід Грэйць, падсобны рабочы на заводзе “Радыёдэталь” (без фота):

– Хоць на двары стагоддзе камп’ютарных тэхналогій, я аддаю перавагу стасункам з жывымі людзьмі, а не з бяздушнай машынай. Таму на пошце бываю даволі часта: аплачваю паслугі, адпраўляю лісты і пасылкі. Лісты літаральна за некалькі дзён даходзяць да адрасата – так што работай паштавікоў я задаволены.

Радзюль.jpgЮлія Радзюль, інспектар Астравецкага раённага аддзела Гродзенскага абласнога ўпраўлення фонда сацыяльнай абароны насельніцтва:

– Канешне, карыстаюся: ні дома, ні на рабоце без паслуг пошты не абысціся: выпісаць газеты і часопісы, даслаць ці атрымаць ліст ці пасылку.

Канешне, цяпер многія паслугі можна атрымаць праз інтэрнет: нешта заказаць у інтэрнэт-магазінах з дастаўкай надом ці заплаціць за якія-небудзь паслугі праз інтэрнэт-банкінг. Аднак ёсць і такія патрэбы, калі без паходу на пошту не абыйсціся.

Працуюць нашы паштавікі, лічу, на вышэйшым узроўні, асабліва паштальёны, якія і ў спёку, і ў сцюжу, і ў дождж робяць незаўважную, але вельмі важную работу.

Антон ЧЫК.

Фота аўтара.


 

 

Текст:
Фото: Антон Мальшевский