Занимаются ли Островчане заготовками на зиму

15:15 / 29.08.2017

zagotovki.jpg

Дзе лета нагою – там зіма губою ...так сведчыць народная мудрасць. А яшчэ яна сцвярджае, што летні дзень год корміць. 
Для людзей, якія і цяпер харчуюцца «з зямлі», гэтыя прымаўкі не згубілі актуальнасці. Нават сярод гараджан ёсць шмат тых, хто пасля работы спяшаецца на дачу ці агарод, каб зімой на стале было «сваё» – таннае, смачнае і экалагічна чыстае.
Каб высветліць у жыхароў нашага раёна і яго гасцей, ці займаюцца яны нарыхтоўкамі  на зіму, наш карэспандэнт выйшаў на вуліцы горада. 

zagotovki1.jpg

Вера Кумішча, знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці:

– Я яшчэ нічога не ставіла, бо амаль увесь вольны час у мяне забірае дзіця. Ды і, прызнацца шчыра, не асабліва люблю розныя закаткі, мне больш даспадобы свежыя прадукты. Мы жывём у такі час, калі ў любую пару года ў магазіне можна купіць свежую садавіну і агародніну.

Яшчэ адна прычына, чаму не раблю запасаў на зіму, – у інтэрнаце, дзе я жыву, не вельмі зручна гэтым займацца на агульнай кухні.


zagotovki2.jpg

Таццяна Андрушойць, жывёлавод, КСУП «Гудагай» ферма «Ізабеліна»:

– Агародніна сёлета ўрадзіла, таму запас агуркоў, перцаў і шмат чаго іншага на зіму я ўжо нарыхтавала. А вось садавіна ў гэтым годзе не парадавала – ці то майскія маразы вінаватыя, ці то проста год такі. Яблыкаў, груш ды вішань нават паесці не хапае, не тое што кампоты ці варэнне ставіць.
Спадзяюся, што надвор’е яшчэ парадуе цёплымі дзянькамі – тады, мо, і грыбоў атрымаецца некалькі слоікаў паставіць.

zagotovki3.jpg

Дзіяна Казачэнка, сакратар судовага пасяджэння:

– Нарыхтоўкамі ў асноўным займаецца мая маці – яна нас потым усю зіму частуе. У яе гэта значна лепш і смачней атрымліваецца, чым у мяне: агуркі, перцы ды памідоры – проста пальчыкі абліжаш!
А мне, калі прывязуць свежай агародніны, дык я яе адразу на салаты пускаю. Калі смажыць, варыць ды тушыць, губляюцца вітаміны і карысныя рэчывы.



Іван, будаўнік (без фота):

– Якія тут нарыхтоўкі? Не лета, а незразумела што! Пайшоў у адпачынак, дык дзякуй богу, што на рацэ рыбы крыху налавіў ды засушыў. А ў лесе ўвогуле гола: калі грыбоў яшчэ можна на суп назбіраць, то ягад увогуле няма.
Нарыхтоўкамі садавіны ды гародніны я не зай­маюся – не падабаецца мне стаяць над плітой дзеля некалькіх слоічкаў. 



Антон ЧЫК, 

фота аўтара.




Текст: