Які сацыяльны пакет у ветэранаў працы лясгаса?

11:39 / 20.08.2019

Чарговае пасяджэнне прэзідыума раённага савета ветэранаў па ініцыятыве яго старшыні Ірыны Шляхтун прайшло ў выязным фармаце – на базе лясгаса. У парадку дня значылася знаёмства з работай ветэранскіх і прафсаюзных пярвічак ДЛГУ «Астравецкі лясгас», прадпрыемства меліярацыйных сістэм і вытворчага ўпраўлення «Астравецрайгаз» па выкананні палажэнняў калектыўных дагавораў у адносінах да былых працаўнікоў.

Праводзячы для гасцей экс­кур­сію па новым офісе леса­водаў, старшыня ветэранскай арганізацыі Пётр Крупенчык між тым расказаў, як клапоцяцца кіраўніцтва і прафсаюз  аб  паважаных людзях, што ўнеслі важкі ўклад у дасягненні прадпрыемства. 

1.jpg

Пенсіянераў тут больш за 90 чалавек. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак ніхто не адарваўся ад жыцця калектыву: усе  застаюцца членамі галіновага прафсаюза, хоць і не плацяць узносы, на іх распаўсюджваюцца  прадугледжаныя  калектыўным дагаворам ільготы. 

Кожнаму былому работніку выпісваецца 7 кубаметраў дроў за палову кошту і паліва  дастаўляецца бясплатна, калі адлегласць не перавышае 10 кіламетраў. Да Новага года, Дня абаронцаў Айчыны, Міжнароднага жаночага дня, прафесійнага свята кожнаму ветэрану працы ўручаюцца прадуктовыя наборы. На Дзень пажылых людзей ім выплачваецца па адной базавай велічыні, да Дня маці працаўніцы-ветэраны атрымліваюць грашовую дапамогу ў памеры трох базавых велічынь. 

Ветэраны ўдзельнічаюць ў  культурным жыцці калектыву. І, вядома, не застаюцца без увагі падчас асабістых юбілеяў і памятных дат, атрымліваюць матэрыяльную дапамогу і маральную падтрымку ў цяжкія моманты жыцця – хваробы ці страты блізкіх. У выпадку смерці ветэрана лясгас бярэ на сябе значную долю матэрыяльных затрат, звязаных з пахаваннем. Словы «ніхто не забыты» тут падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі. 

І людзі ўдзячныя за клопат і стараюцца па меры сіл дапамагчы роднаму прадпрыемству працай ў лесагадавальніку, вясной ахвотна выходзяць на пасадку лесу.

Такімі ўважлівымі адносінамі да былых працаўнікоў лясгас падае добры прыклад іншым працоўным калектывам. Калектыўны дагавор леса­водаў як пагадненне паміж адміністрацыяй, прафсаюзам і БРСМ, прызнаны адным з лепшых у рэспубліцы.

Для гасцей была арганізавана выдатная культурная праграма. Яны наведалі  лесагадавальнік, па­любаваліся дагледжанымі саджанцамі лясных і дэкаратыўных дрэў і кустоў, што вырошчваюцца тут для аднаўлення лясоў пасля планавых высечак, продажу арганізацыям і насельніцтву на  ўпры­гожанне адміністрацый­ных тэрыторый і падвор’яў. Затым зазірнулі на  тэрыторыю дрэва­апрацоўчага цэха, дзе ішла адгрузка прадукцыі спажыўцам. І па-сапраўднаму адагрэліся сэр­цамі ў вальерах паляўнічай гаспадаркі – палашчылі і пачас­тавалі хлебам даверлівых высакародных аленяў і ланяў, здалёк паглядзелі на баязлівых муфлонаў.

2.jpg

Шчырае захапленне выклікаў паляўнічы комплекс паблізу вёскі Задворнікі на месцы колішняга панскага маёнтка. У савецкія часы ў прасторным доме месцілася школа. Зараз будынак адрэстаўраваны і пераўтвораны ў камфартабельны атэль для айчынных і замежных паляўнічых, якія часта збіраюцца на «сафары» ва ўгоддзях лясгаса. На прасторнай тэрыторыі пастаўлены зручныя альтанкі для жадаючых адзначыць карпаратыўнае ці сямейнае свята на ўлонні прыроды, абсталяваны ціры, экалагічная сцяжынка, па якой ўжо прайшло больш за дзве тысячы чалавек. 

Але найбольш захапляе навед­вальнікаў дэндрапарк, выса­д­жа­ны ў гонар  заслужанага лесавода Рэспублікі Беларусь, ветэра­на Вялі­кай Айчыннай вайны, кава­лера двух ордэнаў Сла­вы Мікалая Кажа­мя­кіна, першага ляснічага Аст­равец­кага лясніцтва. Добрую памяць аб сабе пакінуў ветэран:  гектары лясоў, а цяпер  вось і парк экзатычных дрэў і кустоў падрастае – дарунак удзячных ка­лег.

Ва ўтульнай зале паляўнічага доміка старшыня раённага савета ветэранаў Ірына Шляхтун і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Бразінскі падвялі вынікі выязнога пася-джэння. Прадстаўнікі прадпрыемства меліярацыйных сістэм і ўпраўлення «Астравецрайгаз» падзяліліся вопытам работы сваіх калектываў з ветэранамі працы. І ўсе былі адзінадушныя: такое знаёмства з работай на месцах вельмі карыснае для пераймання вопыту і проста сяброўскіх стасункаў.

На пасяджэнні былі абмеркаваны задачы ветэранскіх арга­ні­зацый раёна па падрых­тоўцы да выбараў у Палату Прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь 7-га склі­кання, вынікі святкавання 75-год­дзя вызвалення краіны ад намецка-фашысцкіх захопнікаў, іншыя пытанні. 






Текст: