Житель Гудогая Виктор Клусевич в очередной раз организовал сплав по Вилии (Обновлено)

15:47 / 22.08.2017
1

splav_22.jpg

Заўсёды з павагай адносіўся да людзей, якія не аддаюць перавагу адпачынку за камп’ютарам ці перад тэлевізарам, а выбіраюцца з чатырох сцен на ўлонне прыроды. Асабліва летам. Канешне, у кожнага сваё паняцце адпачынку: для адных агародна-дачныя клопаты – рэлакс, для
другіх – адпачынак па прынцыпе «ўсё ўключана», трэцім патрэбна кніжка на беразе ракі. А ёсць і такія, што едуць за некалькі соцень кіламетраў, цягнуць, як той слімак, усё сваё на сабе – і толькі для таго, каб скарыць пэўную вышыню ці сплавіцца па рацэ. Далучыцца да кампаніі гэткіх дзівакоў, якія як вядома, упрыгожваюць свет, пашчасціла і мне.

splav_20.jpg

Падрыхтоўка

У гэты раз на пошукі прыгод я выправіўся разам з братамі-вандроўнікамі Вікта­рам і Ула­дзі­мірам Клусевічамі і іх унукамі Анжалікай, Ксеніяй і Аляксеем. Сёмым вандроўнікам стала гудагайская на­с­таў­ніца Алена Шымковіч. 

Падрыхтоўку маршрута, праліч­ванне кіламетражу, складанне меню ўзяў на сябе Уладзімір Клусевіч. На жаль, у прасторах інтэрнету захаваны тапаграфічныя карты ажно за 1983 год, што пэўным чынам паўплывала на расклад нашага сплаву. Меню было разлічана літаральна да грама – нават тое, колькі гарошын перцу кідаць у суп: у дарозе кожная дробязь – вага.

Перш чым адправіцца ў вандроўку, Віктар Клусевіч завітаў да Валяр’яна Валадзько, дырэктара Астравецкага фізкультурна-спартыўнага клуба, дзе ўзгадніў і зацвердзіў маршрут, – а як жа без гэтага?..

Гудагайцы – вядомыя сплаў­шчыкі, яны прайшлі амаль усе астра­вецкія рэчкі і рачулкі, а некаторыя – і не па адным разе, пагэтаму вырашылі пракласці новы маршрут – ад Будслава да Залесся. Да пачатковай кропкі на рацэ Сэрвач трэба дабірацца па чыгунцы – ад Гудагая гэта каля 150 кіламетраў. 

У цягніку мы з заплечнікамі, палаткамі, байдаркамі і сумкамі занялі тры «шасцёркі».

На гэты раз сплаўляемся на байдарках «Таймень». Пры невялікай вазе байда мае выдатныя хадавыя якасці, добра трымае курс, лёгка збіраецца і разбіраецца. Хаця, у параўнанні з надзіманай «Хатангай», час зборкі большы і патрабуе гаечных ключоў, пласкагубцаў, а часам – і малатка. Аднак пры правільным захоўванні і эксплуатацыі гэтая байдарка паслужыць яшчэ вашым дзецям і ўнукам. Дзюалюмініевы каркас дазваляе «Тайменю» вытрымліваць істотныя перагрузкі і моцныя ўдары па камянях, а абалонка з трывалага ПВХ больш даўгавечная, чым гумавая.

Пайшлі!

Некалькі гадзін пракар­пеўшы над зборкай байдарак і злёгку паснедаўшы, мы сталі на ваду.

Напачатку па Сэрвачы ісці даволі лёгка: вада чыстая, ад промняў гарачага сонца  абараняюць высо­кія дрэвы. 

Аднак праз некалькі кіламетраў дрэвы знікаюць, а на вадзе з’яў­ляюцца чарот, стрэлкаліст, ку­бышкі, гарлачыкі, раска і сотні відаў водарасцяў. Да таго ж узровень вады прыкметна ўпаў з-за спёкі апошніх дзён. Ды і сама рака, нібы жанчына непрыстойных паводзінаў, увесь час віхляе: робячы па некалькі крукоў на кіламетр.

Некалькі кіламетраў да Будслава ідзём гадзіны за чатыры.

На жаль, недахоп часу не дазваляе няспешна прайсціся па вёсцы, аднак галоўную славутасць Будслава –  касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі – відаць здалёк. 

Перад касцёлам, у цэнтры вёскі размяшчаецца Чырвоны пляц, які захаваў сваю гістарычную назву. Тут знаходзіцца цудоўны абраз Маці  Божай – адзін з найбольш ушаноўваемых  каталіцкіх абразоў Беларусі, да якога штогод ідуць пілігрымкі з усіх канцоў краіны. У мястэчку ў першыя выхадныя ліпеня праводзіцца «Будслаўскі фэст»: для яго вакол касцёла расчышчана вялізная пляцоўка на беразе ракі. Сюды звычайна збіраецца не адна тысяча чалавек.

Падчас прыпынку высвятляецца, што адна з байдарак дала цечу і трэба тэрмінова шукаць месца для прыпынку і рамонту. Але ў Віктара Клусевіча, як у добрага гаспадара і вопытнага турыста, усё неабходнае заўсёды з сабой.

Неўзабаве мы знаходзім цу­доўнае месца: за некалькі кіламетраў ад Будслава мясцовыя жыхары зрабілі прыстань у затоцы, дзе зручна сысці на бераг, можна развесці вогнішча, набраць вады і абуладкаваць месца для начлегу. А блізкія званы будслаўскага касцёла дазваляюць нават не глядзець на гадзіннік – час можна адмяраць па іх.

splav_04.jpg

Сэрвач – такая цяжкая і такая прыгожая

Калі нехта думае, што сплаў на байдарцы – гэта забава ў параўнанні з пешым паходам, то, відаць, яму даводзілася сплаўляцца толькі па чыстых хуткіх рэках. А паспрабавалі б вы прабіцца праз сапраўдныя джунглі, якія буяюць на Сэрвачы!

Некалькі разоў нам даводзілася вяртацца, каб пашукаць іншы шлях, ці лезці ў ваду і цягнуць байдаркі скрозь зараснікі, лі­таральна пра­рубаючы праход. Глыбіня падманлівая: праверыш вяслом – нейкіх паўметра, выскачыш з байдаркі – усе паўтара-два. З такой глыбіні заскочыць назад у байду, каб яна не перакулілася, даволі складана, а да берага падысці немагчыма.

У тых месцах, дзе дрэвы блізка падыходзяць да вады і рака ўвесь час іх падмывае, – заўсёды ёсць рызыка наткнуцца на корч, корань, сук ці нават паваленае дрэва. На адным з загібаў ракі мы трапляем на бярозу, якая лягла ад берага да берага. Параіўшыся, вырашаем яе не абыходзіць, а перапілаваць па сярэдзіне. Дзесяць хвілін работы – і шлях свабодны!

Затое краявіды па берагах ракі – гэта сапраўдны цуд, які кампенсуе ўсе цяжкасці. Качкі ў чароце нават не звяртаюць на нас увагі, хіба калі мы падходзілі вельмі блізка: тады літаральна з-пад вясла ў неба стартуюць напужаныя птушкі. Аднойчы з-за нейкай карагі ў густым кустоўі за нейкіх паўметра ад байдаркі, гучна пляс­каючы крыламі, падняўся ястраб і пачаў кружыць над намі. Пры­знаюся, ніколі не любіў заапаркі, дзе ўтрымліваюць птушак, – гэтым гаспадарам нябёсаў патрэбна прастора, а не клетка «пяць-на-пяць». 

А на начлезе каля гарадскога пасёлка Крывічы падчас нарыхтоўкі дроў з кустоў выскачыў алень. Не ведаю, хто з нас спалохаўся мацней – аднак праз кусты ён дакладна скакаў вышэй.

Нягледзячы на спёку і працоўны дзень, літаральна за кожным паваротам сядзяць рыбакі з вудамі. А пад вечар іх становіцца ўсё больш. Кажуць, перад выхаднымі сюды з’язджаюцца аматары з розных мясцін. І не дзіўна: летам па Сэрвачы з Вілейскага вадасховішча падымаюцца ля­шчы і чырвонапёркі, судакі і шчупакі, плоткі і акуні, мянтузы і нават мясцовы від язя – ёсць дзе разгарнуцца аматарам рыбалкі.

splav_06.jpg

Вілейскае мора

Каб упэўніцца, што ў Бела­русі ёсць мора,  трэба, як мінімум, прыехаць на Вілейскае вадасховішча.

Для мяне адной з самых запамінальных прыгод гэтага сплаву стаў пераход праз Ві­лейскае вадасховішча. Я, канешне, разумеў, што яно немаленькае. Аднак адна справа – ведаць,  і зусім іншая – бачыць, калі перад табой, як кінуць вокам, – тысячы, мільёны кубаметраў вады. 

Асабліва «весела» ісці на байдарцы па сярэдзіне вадасховішча: такое ўражанне, што вяслуеш з усіх сіл – а ўсё роўна стаіш на месцы. Да таго ж вада ў такую спёку падобна на зеленаватага колеру кісель – гэта з-за квітнеючых водарасцяў. З-за гэтай манатоннасці і спёкі я ажно некалькі разоў прыдрамнуў (І не трэба ўсміхацца, дарагія чытачы, асабліва калегі!).

Каб хоць неяк развеяць гэта соннае царства, пачынаю спяваць – песню тут жа падхопліваюць на іншых байдарках. Відаць, Марфей вырашыз завітаць не толькі да мяне.

Так што «не трэба нам бераг турэцкі». У Беларусі ёсць такія пляжы, што Шарм-эль-Шэйх «нервова курыць з боку». Адзіны мінус – нашы мясцовыя «крывасасучыя» камары, авадні, гізы. Таму, выпраўляючыся на прыроду, не забудзьцеся ўзяць з сабой адпаведныя крэмы ды спрэі.

Уздоўж берага Вілейскага ва­дасховішча многія арганізацыі за час яго існавання абуладкавалі агароджаныя і ахоўваемыя кем­пінгі ды пляжы для адпачываючых. Адрозненне ад агульнадаступных пляжаў відавочнае для тых, хто прыязджае сюды адпачыць: ужо нарыхтаваны дровы для вогнішча, ёсць альтанкі, мангалы, біятуалеты, скрыні для смецця – і чысты лес. Канешне, беларусы за апошнія гады сталі больш акуратныя і ахайныя, аднак людзі-«свінні» ўсё яшчэ сустракаюцца, пасля іх адпачынку ў літаральным сэнсе слова – хоць трава не расці… Да гэтага часу на Сэрвачы на самым выездзе з аграгарадка Людвінава з вады тырчаць механізмы, якія засталіся тут ад вадзянога млына, а на беразе бачны фундамент, які не змаглі зруйнаваць гады. А яшчэ праз які кіламетр ніжэй па цячэнні ў ваду абваліўся некалі дыхтоўны металічны мост. У месцы пералому мясцовыя жыхары паклалі некалькі дошак, каб можна было прайсці на другі бераг, а вось байдарачнікам перабрацца цераз гэтую перашкоду не так і проста. І чым бліжэй да цывілізацыі, тым больш смецця назіраецца па берагах ракі і ў самой вадзе.

Яшчэ адной прыгодай-выпрабаваннем стаў пераход праз дамбу. Першая складанасць была ў тым, каб выйсці на бераг: бетон па берагах за шмат гадоў стаў вельмі слізкім. Каля берага квітнеючыя водарасці збіліся ў такую масу, быццам нехта зліў тут некалькі вагонаў зялёнкі: нам давялося добра пастарацца, каб пасля адмыць яе з байдарак. 

Другой цяжкасцю стала транспарціроўка байдарак праз лес да Віліі: некалькі гадзін мы пераносілі тры загружаныя «Таймені» ад вадасховішча да чыстай вады.

Адсюль некалькі кіламетраў  ідзём да Вілейкі. 

Мае дзіцячыя ўспаміны пра Вілейку былі з разраду «маленькі, шэры, брудны». Цяпер гэта прыгожы цывільны гарадок: для жыхароў створаны пляж на беразе ракі, адноўлены гарадскі парк і набярэжная.

Тут жа, на беразе Віліі, літа­ральна каля Вілейкі, мы і раз­мясціліся на апошні начлег.

splav_17.jpg

«Крылы злажылі палаткі…»

Дамоў мы вырашылі выпраў­ляцца не з Вілейкі – зноў жа з-за складанасці транспарціроўкі нашага «дабра» да чыгуначнай станцыі, а крыху ніжэй па цячэнні – з Чырвонага беражка.

За час, што мы мылі, сушылі і разбіралі байдаркі і пакавалі свае заплечнікі, міма Чырвонага беражка прайшла не адна байдарка. Гэта парадавала: мы – не адны такія! Значыць, не перавяліся яшчэ турысты на Беларусі. А значыць, крылы палатак злажыліся не назаўсёды…

P.S. Праз некалькі дзён цвяроза падлічваю вынікі сплаву: абгарэлыя плечы і спіна, ныючыя ад бясконцага веславання мышцы, камарыныя ўкусы, прапахлае дымам адзенне… І самыя пазітыўныя эмоцыі ды жаданне зноў прайсці гэтым жа маршрутам, адчуць тое ж адзінства з навакольным светам, якое, напэўна, адчувалі нашы далёкія продкі. Пасядзець каля вогнішча, выпіць гарбаты з набраных тут жа, на беразе, траў, слухаць начныя гукі жывога лесу – і проста глядзець у зорнае жнівеньскае неба... 

Жыццё цудоўнае і непаўторнае! Каб зразумець гэта, трэба адправіцца ў сплаў!

splav (1).jpg

На здымку: гудагаец Віктар Клусевіч з унуч­камі Ксеніяй і Анжалікай падчас чарговага сплаву па Віліі.

splav4.jpg
splav2.jpgsplav3.jpgsplav_01.jpg
splav_02.jpg
splav_05.jpgsplav_07.jpgsplav_08.jpgsplav_09.jpgsplav_10.jpgsplav_11.jpgsplav_12.jpgsplav_13.jpgsplav_14.jpgsplav_15.jpg
splav_16.jpg
splav_18.jpgsplav_19.jpgsplav_21.jpgsplav_23.jpgsplav_24.jpgsplav_25.jpgsplav_26.jpgsplav_27.jpgsplav_28.jpgsplav_29.jpgsplav_30.jpg
splav_31.jpg
splav_32.jpg
splav_33.jpg
splav_34.jpgsplav_36.jpgsplav_39.jpgsplav_40.jpgsplav_41.jpg
splav_42.jpg

 Антон Мальшэўскі, 

фота аўтара.



Текст: